Ярмошына: Колькасць скаргаў, якія паступілі ў ЦВК у апошнія дні, не падлягае падліку



З пачатку выбарчай кампаніі ў Цэнтрвыбаркаме зарэгістравана прыкладна 10 тысяч скаргаў, паведаміла БелаПАН старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

„Не магу сказаць дакладна, колькі паступіла скаргаў ад грамадзян, — адзначыла яна. — На раніцу суботы (18 ліпеня) мне давалі звесткі, што толькі зарэгістраваных скаргаў прыблізна 10 тысяч (якія не маюць масавага характару.). Тыя, якія ўжо паступаюць у мяшках, проста складваюцца, раскрываюцца — і мы глядзім, ці няма там іншых скаргаў, з іншым зместам. Па ўсіх астатніх будуць проста складацца акты, таму што іх трэба зарэгістраваць”.

На пытанне, колькі паступіла скаргаў апошнімі днямі ў сувязі з рашэннем ЦВК адмовіць у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, Ярмошына сказала: „У апошнія дні гэта не падлягае падліку. У нас прыцягнутыя нават работнікі іншых арганізацый, каб канверты раскрываць. Але агульны адказ на гэтыя скаргі ўжо дадзены, ніякага іншага не будзе”.

На просьбу пракаментаваць ініцыятыву штаба Бабарыкі, каб грамадзяне ў дзень галасавання фатаграфавалі свае бюлетэні і выкладвалі ў інтэрнэт, Ярмошына адзначыла, што гэтага нельга будзе рабіць да 20.00, пакуль не пачнецца падлік галасоў. Паводле яе слоў, такія фатаграфіі могуць быць расцэненыя як агітацыя, а яна ў дзень галасавання забароненая. „Падчас датэрміновага галасавання можна [выкладваць фота], нельга будзе толькі ў дзень асноўнага галасавання да таго моманту, як пачнецца падлік галасоў”.

Ярмошына таксама паведаміла, што на пасяджэнні 22 ліпеня ЦВК плануе абмеркаваць і прыняць „самыя розныя пастановы па галасаванні”, у тым ліку аб галасаванні пэўных катэгорый грамадзян і аб унясенні змен у метадычныя рэкамендацыі ЦВК адносна галасавання студэнтаў, каб яны маглі галасаваць па месцы жыхарства, а не вучобы.

Прэзідэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 9 жніўня.

belapan.by

[manual_related_posts]