Ярмошына пра інцыдэнт у Берасці: Гэта проста бескультур’е



Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пракаментавала словы Аляксандра Лукашэнкі пра скандальныя выпадкі на выбарчых участках.

Лукашэнка падчас галасавання ранкам 17 лістапада сказаў, што аддаў распараджэнне міліцыі цвёрда спыняць падобнае, каб, па ягоных словах, «больш гэтага не хацелася». Кіраўнік дзяржавы не ўдакладняў, пра якія менавіта выпадкі гаворка, але Ярмошына лічыць, што ў першую чаргу пра скандал у Берасці, дзе назіральнік зняў на відэа дзяўчыну са стосам бюлетэняў, з якімі яна выйшла з кабінкі. Акрамя таго, паводле Ярмошынай, у Магілёве прыхільнікі незалежнага кандыдата нібыта пагражалі старшыні выбарчай камісіі.

– Я думаю, яны хутчэй сведчаць нават не пра парушэнні закона, дакладней, пра няведанне закона, – гэта поўная адсутнасць уласнай унутранай культуры. Бескультур’е гэтых грамадзянаў – вось і паводзіны такія. Я думаю, што гэтаксама паводзяць сябе на кухні з жонкай.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, яму вядома пра шэсць скандалаў, з ініцыятарамі якіх трэба разбірацца пасля выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя