Ярмошына: Прыходзьце на ўчасткі, нават каб прагаласаваць супраць усіх



Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раіць з разуменнем паставіцца да заклікаў прыйсці на ўчасткі для галасавання, бо выбары — „гэта важная дзяржаўная справа”. Пра гэта яна заявіла ў відэазвароце, размешчаным 8 верасня на сайце vybory2016.by.

Лідзія Ярмошына

Ярмошына патлумачыла, што выбары будуць лічыцца сапраўднымі, калі на іх прагаласуе больш за 50% выбаршчыкаў. „Таму такая важная яўка выбаршчыкаў, таму ідзе такая барацьба за ўдзел выбаршчыкаў у выбарах”, — патлумачыла яна.

Паводле слоў старшыні ЦВК, справа не ў досыць высокім кошце выбараў (каля 10 млн долараў), а ў тым, што „абранне парламента, паспяховае завяршэнне найважнейшай палітычнай кампаніі — гэта перш за ўсё аснова палітычнай стабільнасці нашай дзяржавы”, гэта абранне заканадаўчага органа, які будзе супрацоўнічаць з парламентамі іншых дзяржаў, „абараняючы нашы інтарэсы”.

„Давайце зробім усё, каб выбары адбыліся, з разуменнем паставімся да заклікаў адміністрацый ВНУ, прадпрыемстваў, арганізацый, ЖЭСаў, каб вы паўдзельнічалі ў выбарах. Па-мойму, прасцей задаволіць гэтыя пажаданні і сапраўды прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Калі вас не задавальняюць кандыдаты, якія балатуюцца па гэтай акрузе, для вас, нездаволеных, існуе графа супраць усіх. Хоць, я думаю, у нас годны падбор кандыдатаў, якія прадстаўляюць усе пункты гледжання”, — сказала кіраўнік ЦВК.

„Актыўныя заклікі” адміністрацый ВНУ і арганізацый узяць удзел у выбарах, паводле яе слоў, не з’яўляюцца парушэннямі заканадаўства. „Вы можаце не адгукнуцца на іх і не прыйсці на выбары. Ці прыйсці 11 верасня. Тым не менш гэтыя запрашэнні маюць месца быць і не з’яўляюцца парушэннямі закона”, — сказала яна.

Ярмошына паведаміла пра скаргі, якія паступаюць, на заклікі адміністрацый арганізацый, што агітуюць прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата. „Гэта таксама не з’яўляецца парушэннем закона. Агітацыя дазволена”, — падкрэсліла яна, адзначыўшы, што парушэннем будзе лічыцца толькі распараджэнне кіраўніцтва сваім падначаленым праводзіць такую агітацыю ў працоўны час.

Цэнтрвыбаркам, паводле слоў Ярмошынай, таксама прыкладзе намаганні, каб выбаршчыкі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. У прыватнасці, паводле яе слоў, ЦВК звярнулася ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі з просьбай праз аператараў мабільнай сеткі накіраваць усім выбаршчыкам запрашэнне прыйсці на выбарчыя ўчасткі. „Гэта не з’яўляецца парушэннем закона, гэта — інфармаванне грамадзян”, — лічыць яна. Пры гэтым, паводле яе слоў, запрашэнні будзе рассылаць аўтамат, а таму іх могуць атрымаць замежнікі, замежныя назіральнікі, непаўналетнія, якія не маюць права голасу.

6 верасня на сустрэчы з Ярмошынай Аляксандр Лукашэнка заявіў, што галасаванне на выбарах не павінна быць штучным. „Я хацеў бы звярнуць і вашу ўвагу, і тых, хто арганізоўвае выбары, адказвае за іх на месцах, каб не было ў нас нічога штучнага, каб мы не гналі людзей на выбары, каб мы годна іх правялі, каб гэта сапраўды было свята і мы разумелі, што робім гэта для сваёй краіны і народа”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, яму хацелася б, каб на выбары прыйшло як мага больш людзей, бо „гэта — паказчык сувязі паміж уладай і народам, паказчык ацэнкі людзьмі парламенцкіх выбараў, ролі дэпутатаў, парламента ў жыцці нашага грамадства і дзяржавы”. „Але тым не менш падкрэсліваю: заганяць людзей на ўчасткі не трэба — трэба іх папрасіць. Трэба папрасіць, каб людзі прыйшлі і прагаласавалі”, — заявіў афіцыйны лідар.

belapan.by