Ярмошына: У Руха «За Свабоду» – праблемы з выкананнем закона
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына адрэагавала на заяву намесніка старшыні Руха «За Свабоду» Юрася Губарэвіча пра тое, што ўлада заваліла першы экзамен, прапусціўшы ў тэрытарыяльныя і акружныя выбарчыя камісіі толькі 2-х з 48-мі рухаўцаў.
Лідзія Ярмошына ў адказ сказала, што яшчэ ў 2012 годзе пры вылучэнні кандыдатам у дэпутаты парламента Аляксандра Мілінкевіча заўважыла «беспрэцэдэнтную непісьменнасць» у афармленні дакументаў Рухам «За Свабоду». Гэтым разам, сказала яна, рухаўцы зноў вінаватыя самі ў такіх выніках фармавання камісій:
– Прайграла гэты экзамен не ўлада, а Рух«За Свабоду». Я б увогуле сказала, што ў іх праблемы з захаваннем закона. Пры вылучэнні ў склад выбарчых камісій яны проста забыліся пазначыць якім органам яны гэта рабілі. Неабходныя ўмовы – вылучаць можа толькі кіроўны орган грамадскага аб’яднання. Калі гэтае патрабаванне тычыцца ўсіх астатніх структураў, то чаму дадзенае грамадскае аб’яднанне яго не выконвае?
Усяго ж на амаль паўтары тысячы чальцоў акружных камісій уключаны 31 прадстаўнік апазіцыйных палітычных партый.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота svaboda.org
