Яцанюк сыходзіць у адстаўку



Прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк абвясціў пра сваю адстаўку, паведамляе УНІАН.

Раней выданне РБК-Украіна паведамляла пра тое, што адстаўка Яцанюка, а таксама ўсяго кабінета міністраў павінна рушыць услед за адмовай Рады прыняць шэраг важных законапраектаў, а таксама за расфарміравання кіруючай кааліцыі ў парламенце.

Прамова Яцанюка перад адстаўкай:

„Развал кааліцыі мае сёння наступствы. Законы, якія б напоўнілі даходную частку бюджэту, праваленыя. І гэта зразумела. А хто хоча ісці на выбары і адначасова галасаваць за непапулярныя законы?”, – пракаментаваў сітуацыю Яцанюк. Ён дадаў, што народныя абраннікі, прамянялі інтарэсы краіны на свае ўласныя, здзейснілі „маральнае і этычнае злачынства”.

„За змены ў бюджэт не прагаласавалі, за ГТС ня прагаласавалі, кааліцыі няма, ён сыдзе ў адстаўку”, – заявіў РБК адзін з народных дэпутатаў. Адзін з міністраў растлумачыў выданню, што „урад усё роўна будзе працаваць да стварэння кааліцыі ў новаабраным парламенце”.

Каментуючы адстаўку Яцанюка, міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, рэалізуецца сцэнар Парашэнкі:

– У кастрычніку, хутчэй за ўсё, будуць датэрміновыя выбары ў Раду, тое, што Парашэнка абяцаў. Яцанюк казаў, што гэта драматычна, бо не прынялі тое, што ён прапанаваў – мацней зацягнуць паясы. Я б не казаў, што гэта добры накірунак, складана. Трэба прымаць рашэнні па Канстытуцыі, дэмакратыя – гэта працэдура.

Кааліцыя „Еўрапейскі выбар” была створана ў канцы лютага, пасля таго, як з Украіны збег зрынуты прэзідэнт Віктар Януковіч. У кааліцыі было 250 дэпутатаў ад „Бацькаўшчыны”, „Свабоды”, „Удару” і некалькі незалежных дэпутатаў. За правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў выказваўся раней і Пятро Парашэнка, які лічыць, што цяперашні склад парламента не адлюстроўвае настрояў людзей.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]