Яўген Мірановіч: Тое, што адбываецца ва Украіне, – фрагмент супрацьстаяння Расеі і ЗША



У Расеі сёння адзначаюць гадавіну анексіі Крыму. Год таму 18 сакавіка ў Маскве была падпісаная так званая “дамова аб далучэнні Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль да Расеі”. Мінулагоднія падзеі гэта толькі адзін з элементаў крызісу міжнародных адносінаў, які трывае з канца 90-х гадоў, такое меркаванне выказаў у эфіры нашага радыё беларускі гісторык, прафесар Яўген Мірановіч.

– Ад канца 90-х гадоў ХХ стагоддзя вярнуўся парадак спаборніцтва паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі Амерыкі. І гэтае вымярэнне сусветнае. Расея не пагадзілася быць дзяржавай другой катэгорыі. Хоча стаць партнёрам, шукае сабе саюзнікаў ва ўсім свеце. А гэта, што адбываецца ў Сярэдняй Еўропе, на усходзе Украіны, гэта фрагмент глабальнай вайны паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Анексія Крыму была здзейсненая пасля ўвядзення ў канцы лютага мінулага года расейскіх войскаў без апазнавальных знакаў у Крым. Так званыя “ветлівыя чалавечкі” блакавалі дзяржаўныя органы ўлады і ўкраінскіх вайскоўцаў. 16 сакавіка быў праведзены непрызнаны Кіевам і міжнароднай супольнасцю рэферэндум аб далучэнні да Расеі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя