Яўген Разнічэнка напісаў ліст з СІЗА



Ліст палітвязня Яўгена Разнічэнкі, затрыманага 29 траўня 2020 года разам з Сяргеем Ціханоўскім, атрымалі ў гарадзенскай краме “Адметнасць”. 

Распавядае Сяргей Верамеенка, уладальнік крамы „Адметнасць”:

– Мы атрымалі ліст ад Яўгена Разнічэнкі, які зараз знаходзіцца на Валадарцы, наш палітвязень гарадзенскі. Мы ад імя крамы лістуемся са шмат якімі палітзняволенымі. На жаль, гэта такая вось традыцыя ў нас. Зараз плануем працяг акцыі з дасыланнем паштовак. Дашлем таксама і яму чарговую паштовачку. Заклікаю ўсіх удзельнічаць у гэтым. Дасылаць не проста паштоўкі, а лісты. У лісты ўкладваць капэрты з наклеенымі маркамі для таго, каб палітвязні таксама маглі вам адказваць.

Яўген Разнічэнка напісаў свой першы ліст па-беларуску і ў ім дзякуе сям’і Верамеенкаў за падтрымку, аднак заўважае, што “не хапае людской падтрымкі” і просіць пісаць яму на роднай мове. Мужчына выпадкова патрапіў “у палітыку”, прыехаўшы на пахаванне бацькі з Расеі, дзе ён доўгі час працаваў.

Зараз Яўген Разнічэнка знаходзіцца пад следствам і сядзіць за кратамі як  фігурант «справы Ціханоўскага».

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча