Юрась Губарэвіч: Гэта адказ тым у Расеі, хто марыць пра паглынанне Беларусі



Словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што 98 працэнтаў беларусаў на рэферэндуме пра аб’яднанне з Расеяй выкажуцца за незалежнасць, накіраваны тым у Расеі, хто спіць і марыць пра паглынанне Беларусі, – лічыць кіраўнік Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Кіраўнік Беларусі выказаўся аб гэтым на так званай „вялікай размове з прэзідэнтам”, якая адбылася 1 сакавіка ў Менску. Па словах Юрася Губарэвіча, гэта прамы адказ на такія мары.

– Натуральна, што абсалютна ў руках Лукашэнкі і ягоных людзей на ўсіх узроўнях вертыкалі ўлады забяспечыць патрэбны вынік. Калі было сказана 98 адсоткаў, то нават будзе перавыкананне плана, і на магчымым рэферэндуме пра аб’яднанне будзе стоадсоткавая адмова з боку Беларусі. У прынцыпе гэтыя лічбы не далёкія ад рэальнасці.

Бо па выніках сацыялагічных апытанняў, якія праводзіліся ў папярэднія гады, калі была такая магчымасць, вельмі нязначная частка беларусаў выказвалася за наўпроставае аб’яднанне з Расеяй. Такім чынам Аляксандр Лукашэннка спрабуе забяспечыць сабе поле для манёўра і супрацьстаяць націску з боку Крамля ў пытанні больш глыбокай інтэграцыі, – лічыць Юрась Губарэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя