Юрась Губарэвіч: На 15 верасня мы падаём заяўку на шэсце і мітынг



“Цяперашняя ўлада не здатная да дэмакратычных пераўтварэнняў і можа праводзіць толькі рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да бізнесу, медыя, палітычных, грамадскіх і рэлігійных арганізацый. За апошнія гады ў Беларусі змяніліся толькі формы рэпрэсій, але не знізілася іх інтэнсіўнасць”. Гэта адзначаецца ў заяве “Аб нацыянальнай салідарнасці ў абарону свабоды і законнасці ў Беларусі”, якую 24 жніўня ў Менску прынялі лідары шэрагу палітычных партый і дэмакратычных арганізацый.

Сярод падпісантаў – старшыня Руху “За Свабоду” – Юрась Губарэвіч, якія заклікаў падтрымаць масавыя акцыі, якія плануюцца па ўсёй Беларусі:

– Прадстаўнікі нашых структураў будуць падаваць заяўкі на пікеты ў дзясятках гарадах па ўсёй Беларусі. Гэты пікеты дазволяць людзям выйсці і выказаць сваю ацэнку, выказаць сваю нязгоду. Таксама ў нас запланаваная масавая акцыя ў Менску – гэта мітынг і шэсце па цэнтральных вуліцах беларускай сталіцы. На 15 верасня мы падаём заяўку. Збор будзе на пляцоўцы каля Акадэміі Навук. З шэсцем па праспекце Незалежнасці, вуліцы Янкі Купалы і мітынгам на пляцоўцы каля Опернага тэатра.

У сваю чаргу сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Віталь Рымашэўскі выказаў спадзяванне, што масавыя акцыі стануць першымі крокамі да шырокай кансалідацыі дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў. “Калі сёння мы не аб’яднаемся, заўтра ўлада знішчыць кожнага паасобку”, – падкрэсліў палітык.

Беларускае Радыё Рацыя