Юрась Губарэвіч: Плануем закрыць каля 50 акруг па ўсёй Беларусі
Кіраўнік руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавядае пра тое, як яны праводзяць кампанія ў мясцовыя саветы.
Юрась Губарэвіч: Зараз у нас не самы актыўны перыяд кампаніі, таму што пэўныя этапы ўжо адбыліся – гэта вылучэнне прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя акруговыя камісіі, ідзе падача заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Калі ж казаць пра камісіі, то можна сказаць адно – прадстаўнікоў апазіцыі туды па-ранейшаму не ўключаюць. У Менску, напрыклад, мы накіроўвалі нашых людзей у кожную раённую камісію, і ніводны з прадстаўнікоў руху не патрапіў у склад. Як правіла, там збіраюцца прадстаўнікі праўладнай “Белай Русі”, розных ветэранскіх араганізацый і партый, якія заяўляюць пра сябе толькі падчас выбарчых кампаній.
РР: Ужо вызначыліся, колькі чалавек будзеце вылучаць кандыдатамі?
Юрась Губарэвіч: Канчатковую лічбу назваць цяжка, але плануем закрыць каля 50 акруг па ўсёй Беларусі. У некаторых рэгіёнах кандыдаты будуць вылучацца адразу на некалькі ўзроўняў. Нешта больш канркэтнае можна будзе казаць толькі па выніках рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Прынамсі па Менску дакладна можна сказаць, што будзе 10 нашых кандыдатаў.
РР: Ёсць нейкія прагнозы адносна таго, колькі вашых прадстаўнікоў могуць атрымаць мандаты?
Юрась Губарэвіч: Немагчыма, бо, на мой погляд, лічба будзе залежыць не ад сапраўднага волевыяўлення грамадзян, а больш ад таго, якія настроі зараз пануюць ва ўладных кабінетах. Калі захочуць прадэманстраваць Захаду нейкі прагрэс, то могуць прапусціць некалькі дэмакратычных кандыдатаў у раённыя і сельскія саветы, але наўрад ці – у абласныя і Менгарсавет. Дарэчы, падчас мінулай мясцовай кампаніі ніводны наш кандыдат не атрымаў дэпутацкі мандат.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
