Юрась Губарэвіч: Расея працягвае ціск



Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна паказваюць, што Расея працягвае ціск на кіраўніцтва Беларусі і не ідзе на саступкі. Кіраўнік Беларусі спрабуе манеўраваць, але на вельмі вузкай прасторы магчымасцяў, лічыць кіраўнік Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Інфармацыя вельмі абмежаваная паступае. Заявы, якія робяцца, носяць супярэчлівы характар. З аднаго боку гаворыцца пра тое, што суверэнітэту нічога не пагражае. З іншага боку ізноў гучаць заклікі прасоўвацца так далёка па шляху інтэграцыі, як зможа расейскі бок. Відавочна, што тыя мэты, якія ставіў перад сабой Аляксандр Лукашэнка, не дасягнутыя. Перадусім гэта тычылася  пазбаўлення ад наступстваў падатковага манеўра. Тое, што тэма вынесена з абмеркавання, значыць, што Расея саступаць не збіраецца.

Разам з тым адсутнасць нейкай уцямнай інфармацыі на фоне такога працяглага перыяду пермоваў можа сведчыць пра тое, што былі дасягнутыя дамоўленасці, якія яшчэ рана публічваць. Да іх яшчэ трэба падрыхтаваць грамадскую думку. І вось тут можа хавацца самае небяспечнае для Беларусі і для яе суверэнітэта, лічыць Юрась Губарэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск