Юрась Меляшкевіч: Шанец трэба выкарыстаць



Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Меляшкевіч распавёў, як рух рыхтуецца да мясцовых выбараў.

Юрась Меляшкевіч: Па Менску мы збіраемся выставіць 8 сваіх кандыдатаў. З гэтымі людзьмі ўжо дакладна вызначыліся і правялі з імі першыя кансультацыі ў фармаце падрыхтоўкі да выбараў.  Безумоўна, будзем прымаць удзел і ў рэспубліканскім масштабе, але дакладныя лічбы тут назваць складана – пакуль многія вагаюцца і вырашаюць, ці патрэбны ім удзел у палітычнай кампаніі.

РР: Яна ўжо пачалася для вас?

Юрась Меляшкевіч: Безумоўна. Тыя кандыдаты, якія вызначыліся раней, распрацавалі свае перадвыбарчыя інфармацыйныя матэрыялы, многія праводзілі пэўную працу ў акругах, калі займаліся праблемамі на месцах. Я, дарэчы, таксама буду балатавацца ў Менску, у мікрараёне “Малінаўка” Маскоўскага раёна. Лакальных праблем хапае і тут. Гэта і добраўпарадкаванне тэрыторый, і іншыя пытанні, з якімі да мяне звярталіся людзі. Я на працягу ўсяго лета гэтым і займаўся.

РР: Колькі вашых кандыдатаў рэальна могуць патрапіць у мсяцовыя саветы? Такія планы ставіце?

Юрась Меляшкевіч: Такія планы проста немагчыма ставіць ва ўмовах правядзення выбараў у беларускіх рэаліях. Таму, калі ўлады і захочуць прапусціць у мясцовыя саветы некалькі дэпутатаў ад дэмакратычнай грамадскасці, то гэта будзе абумоўлена больш нейкімі ўнутранымі матывацыямі. На жаль, такія рэаліі. Наша задача – каб ва ўлады не было мажлівасці прызначаць “зручных” людзей, якіх можна кантраляваць. А нашы людзі папулярныя і заўважныя ў сябе на акругах.

РР: Якую вагу сёння маюць дэпутаты мясцовых саветаў?

Юрась Меляшкевіч: Дэпутаты, якія нічога не хочуць рабіць для сваіх выбарцаў, у якіх няма ўласнай пазіцыі, яны нічога не могуць вырашыць. А ў незалежных дэпутатаў ёсць магчымасць дзеля вырашэння праблемы паклікаць на дапамогу грамадскасць, надаць тэме рэзананс. Адным словам, больш заўважна прыцягваць да праблемы ўвагу і патрабаваць зменаў. Я думаю, што вынік можа быць, і гэтым шанцам трэба карыстацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя