Юрый Чавусаў: Патрэбы ў рэферэндуме ў Лукашэнкі няма



Ці аб’явіць Лукашэнка пра рэферэндум? Заўтра кіраўнік дзяржавы са штогадовым пасланнем выступіць перад Нацыянальным сходам. Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч заявіў на Facebook, што, паводле інфармацыі «з розных крыніц», Аляксандр Лукашэнка агучыць пытанні запланаванага рэферэндуму. А паводле палітычнага аналітыка Юрыя Чавусава – гэта толькі плёткі, якія павінны падагрэць палітычнае жыцце.

– Раздзмуханне падобнага кшталту плётак – робіцца дзеля таго, каб паказаць сваю значнасць. Нагадаю, што Аляксандр Лукашэнка і ніхто з дзяржаўных чыноўнікаў таксама не казалі пра рэферэндум. Згадкі пра магчымасць нейкіх канстытуцыйных рэформаў у Беларусі паўстаюць кожныя некалькі гадоў. Варта не забывацца, што канстытуцыйная рэформа не абавязкова абазначае рэферэндум.

Паводле аналітыка, Аляксандру Лукашэнку рэферэндум зараз не патрэбны, бо і так палітычная сістэма, якую ён збудаваў, добра працуе, сказаў у нашым эфіры Юры Чавусаў.

– Я не выключаю, што, канешне, у асяроддзі Лукашэнкі ёсць нейкія групы інтарэсаў, якія прасоўваюць нейкія рэформы. Аднак палітычная сістэма працуе паводле таго сцэнару, які Лукашэнку задавальняе. Карэктаваць нешта, а тым больш абвяшчаць рэферэндум, які фактычна з’яўляецца рэферэндумам аб даверы кіраўніку дзяржавы, значна больш ідэалагічна небяспечна, чым любыя выбары. У гэтай сітуацыі патрэбы такое рабіць у яго няма.   

Размовы пра магчымы рэферэндум у Беларусі даўно вядуцца ва ўладных колах. Паводле Міколы Статкевіча, Лукашэнка агучыць 24 сакавіка такія пытанні: павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну да 7 гадоў і скасаванне смяротнага пакарання.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя