Юрый Губарэвіч: Ёсць палітычныя дэкларацыі, а ёсць эканамічныя інтарэсы



“Ёсць палітычныя дэкларацыі, а ёсць эканамічныя інтарэсы. Групы лабістаў, якія губляюць грошы ў выніку санкцый, будуць дзейнічаць унутры сваіх краін і шукаць спосабы гэтыя санкцыі абысці,” – каментуе старшыня Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч.

Прыгадаем, што ў пачатку снежня супраць афіцыйнага Менска быў уведзены ўжо пяты пакет санкцый, гэтым разам звязаны з распальваннем міграцыйнага крызісу на межах Еўразвязу. Пры гэтым не заціхаюць дыскусіі адносна эфектыўнасці ўведзеных санкцый. Як прыклад – скандал вакол транспарціроўкі прадукцыі падсанкцыйнага “Беларуськалія”, якую ажыццяўляе літоўская чыгунка.

Кажа палітык:

– Мне цяжка казаць пра эфектыўнасць, таму што да гэтага часу не зразумела, у якой ступені рэалізавана нават тое, што дэкларавалася. Напэўна, сітуацыя знаходзіцца ў рэчышчы інтарэсаў тых краін, якія ўводзілі санкцыі. Калі рабіць нейкія крокі напалову, то цяжка патлумачыць пасля і сваім уласным выбарцам, дзеля чаго ўсё гэта рабілася, бо страты ад санкцый могуць быць не толькі ў той краіны, супраць якой яны ўводзяцца, але і ў іншых краінах.

“Пытанне бізнесу і гандлёвых адносінаў з’яўляецца двухбаковым. Асноўная праблема зараз – на баку тых краін, якія ўвялі санкцыі. Яны самі павінны зразумець, які ад іх эфект, ці гэтыя санкцыі працуюць і дасягаюць тых мэтаў, якія абазначаліся”, – дадае палітык.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя