Юрый Хашчавацкі: Ахвяраваць датэрміновым галасаваннем не будуць



Вядомы кінарэжысёр распавядае, чаму беларускія ўлады не хочуць адмаўляцца ад датэрміновага галасавання.

Выбары ў мясцовыя Саветы не “за гарамі”, але ўжо зразумела, што ніякіх істотных зменаў у Выбарчым законе не будзе. Ніхто не збіраецца адмаўляцца і ад датэрміновага галасавання, якое, па меркаванні незалежных назіральнікаў, з’яўляецца адным з дзейсных інструментаў для фальсіфікацый.

Юрый Хашчавацкі: Датэрміновае галасаванне – гэта вельмі шкодная рэч. З яго дапамогай можна вельмі моцна карэктаваць лічбы, бо тут, як кажуць, ёсць прастор для творчасці. Хаця, калі б выбары праводзіліся дэмакратычна, то вынікі такога галасавання вельмі мала ўплывалі б на агульны вынік і станавіліся б бессэнсоўнымі. Калі нейкі чалавек не захоча галасаваць, то гэта не вельмі зменіць яўку выбаршчыкаў. Але ж, паўтаруся, у беларускіх рэаліях – гэта інструмент, з дапамогай якога рэзка змяняюць лічбы. Калі б улады ахвяравалі гэтым інструментам, то яны б паказалі ўсяму свету свае намеры дэмакратызаваць выбары.

РР: Але ж не хочуць ахвяраваць…

Юрый Хашчавацкі: Безумоўна, бо баяцца атрымаць адмоўны вынік. Хаця з іншага боку, як мне падаецца, у краіне ўжо сфарміравана такая сістэма правядзення выбараў, што і без датэрміновага галасавання неабходныя лічбы могуць быць атрыманы. А ў нашага грамадства проста не хапае сіл, каб назіранне зрабіць дзейсным. І не толькі сіл не хапае, але ўлады яшчэ і супрацьдзейнічаюць назіранню. Да таго ж, вы паглядзіце, колькі новых “тэхналогій фальсіфікацый” укараняецца ў апошні час. Гэта і так званыя “арэлі”, і “мёртвыя душы”, і абход па дамах тых, хто быццам бы падаў заяву, каб прагаласаваць. Усё гэта робіцца для таго, каб атрымаць вынік, які неабходны ўладам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя