З чым прыедзе ў Менск Сяргей Лаўроў?



Палітолаг Андрэй Фёдараў распавёў пра візіт у беларускую сталіцу міністра замежных спраў Расеі і магчымую паездку ў Маскву Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, што на 19 чэрвеня запланаваны візіт у Менск міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Ці будуць падчас візіту абмяркоўвацца сітуацыя з рэйдарскім захопам у Беларусі ўласнасці «Газпрама»?

Андрэй Фёдараў: Мяркую, што ніякіх глабальных беларуска-расейскіх праблем падчас візіту Лаўрова абмяркоўвацца не будзе. У Расеі і Беларусі міністры замежных спраў не выконваюць той ролі, якую яны выконваюць у іншых краінах.

Кіраўнікі Расеі і Беларусі могуць патэлефанаваць адзін аднаму, каб вырашыць нейкае важнае пытанне, і кур’еры ім не патрэбны. Таму «чорную пазначку» Лаўроў наўрад ці прывязе.

РР: Але ці будзе абмяркоўвцца тэма «Белгазпрамбанка»?

Андрэй Фёдараў: Не выключана, хаця візіт міністра замежных спраў Расеі ў Менск быў запланаваны, наколькі вядома, яшчэ да развіцця падзей вакол «Белгазпрамбанка». Магчыма, расейскі бок скарыстаецца сітуацыяй і перадасць нейкія «парады Пуціна», але ўсё роўна гэта нічога не вырашыць.

Мяркую, нават тэма выбараў у Беларусі – не пытанне Лаўрова. Можа быць, абмяркуюць і ўзгадняць некаторыя міжнародныя пытанні, таму не трэба тут шукаць канспіралогіі.

РР: На ваш погляд, ці паедзе Аляксандр Лукашэнка на ваенны парад у Маскву 24 чэрвеня?

Андрэй Фёдараў: Зыходзячы з той сітуацыі, што маецца зараз, можа і не паехаць. Але ж падзеі змяняюцца вельмі хутка, таму час пакажа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя