З-за атакі расейцаў на Аўдзееўку Парашэнка перапыніў візіт у Германію



Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка перапыніў свой працоўны візіт у Нямеччыну з-за сітуацыі ў горадзе Аўдзееўка Данецкай вобласці. Пра гэта паведаміў агенцтву „Інтэрфакс-Украіна” прэс-сакратар галавы дзяржавы Святаслаў Цэголка.

„Прэзідэнт перапыніў візіт у Германію з-за абстрэлаў Аўдзееўкі з боку расейскіх баевікоў, што прывяло да надзвычайнай сітуацыі, якая мяжуе з гуманітарнай катастрофай”, – паведаміў Цэголка.

29 студзеня раніцай баевікі абстралялі Аўдзееўскую прамзону і штурмавалі пазіцыі ўкраінскіх ваенных, мэтай правакацыі было звінаваціць украінскі бок у парушэнні дасягнутых дамоўленасцяў, паведамілі ў штабе АТА. 29 студзеня паведамлялася пра пяць загінуўшых украінскіх вайскоўцаў у баях пад Аўдзееўкай, 30 студзеня – яшчэ пра трох забітых і 20 пацярпелых.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў Берліне на прэс-канферэнцыі з канцлерам Германіі Ангелай Меркель заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы загінулі ад агню артылерыі, якая была ўсталявана баевікамі ў жылых кварталах Данецку і Ясінаватай.

Па словах кіраўніка Данецкай ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Паўда Жэбрыўскага, з-за абстрэлаў горад застаўся без электрычнасці, а ацяпленне даходзіць толькі да 6-7 паверху. На Аўдзееўскім коксахіме прыступілі да кансервацыі заводу.

Беларускае Радыё Рацыя