За пяць дзён на платформе „Сход” прагаласавала 28 тыс. чалавек



 Больш за 28 тыс. чалавек прагаласавала за пяць дзён на лічбавай платформе „Сход”. З вечара 5 лютага тут праходзяць выбары дэлегатаў, якія змогуць прадстаўляць народ у нацыянальным дыялогу з уладамі. Галасаванне працягнецца да 13 лютага.

Прагаласаваць за кандыдата можна з дапамогай чат-ботаў у Telegram або Viber. Спасылкі на іх размешчаны на сайце платформы. Удзельнічаць у галасаванні могуць толькі выбаршчыкі з беларускімі тэлефоннымі нумарамі.

Як паведаміў БелаПАН адзін са стваральнікаў платформы, пік актыўнасці выбаршчыкаў назіраўся ў мінулыя выхадныя, цяпер „крыху павольней ідуць галасы”. Найбольш актыўна галасуюць карыстальнікі з Мінска і Гродна, а таксама са Жлобіна (Гомельская вобласць), Магілёва, Віцебска. На думку прадстаўніка платформы, актыўнасць выбаршчыкаў абумоўлівае не столькі месца жыхарства, колькі дзейнасць саміх кандыдатаў, іх агітацыя і заклікі галасаваць. Кандыдаты зарэгістраваныя на 156 з 328 створаных участкаў, прыкладна на 30 з іх ёсць канкурэнцыя.

Некалькім кандыдатам адмовілі ў рэгістрацыі з-за правакацыйных відэазваротаў, за якія ўлады маглі б прыцягнуць іх да адказнасці або заблакаваць платформу. „У нас працавалі юрысты, якія правяралі кожную анкету і кожны відэазварот. Сярод 200 дэлегатаў мы ў 70—80 выпадках рабілі праўкі ў мантажы відэа і ў анкетах, узгаднялі іх з дэлегатамі”, — адзначыў прадстаўнік распрацоўшчыкаў. Ён падкрэсліў, што большасць дэлегатаў былі згодныя з праўкамі, але некалькі чалавек адмовіліся іх уносіць — гэта людзі, якія жывуць за межамі Беларусі.

Гаворачы аб саміх кандыдатах, прадстаўнік платформы адзначыў, што 84% з іх знаходзяцца ў краіне. Большасць працуюць у сферах IT, маркетынгу і продажу, прамысловасці і вытворчасці, навукі і адукацыі.

Вынікі галасавання будуць абвешчаныя 14 лютага. Далейшая праца дэлегатаў будзе праходзіць у рэжыме анлайн, дапамагаць ім будзе каманда мадэратараў ад распрацоўшчыкаў платформы.

20 лютага адбудзецца першае анлайн-пасяджэнне. Дэлегаты змогуць загадзя прапанаваць пытанні для абмеркавання, а ў канцы пасяджэння прагаласуюць за найбольш важныя, на іх погляд, тэмы. Мадэратары складуць топ-15 пытанняў, і ў найбліжэйшыя пяць тыдняў розныя каманды дэлегатаў будуць прапрацоўваць тры тэмы кожны тыдзень, а па суботах праводзіць выніковыя стрымы, адзначыў прадстаўнік „Сходу”. „Усё будзе адбывацца публічна, каб людзі маглі бачыць працу сваіх дэлегатаў і ўдзельнічаць у абмеркаванні”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў распрацоўшчыка, ці будуць дэлегаты ініцыяваць дыялог з уладамі, залежыць толькі ад іх. „У нас няма эксклюзіўнага канала. Мы не будзем гаварыць, што гэта трэба абавязкова рабіць ці абавязкова не рабіць. Мы пакідаем гэта на меркаванне саміх дэлегатаў”, — сказаў суразмоўца.

„Наша думка ў камандзе: фокус платформы ў першую чаргу ляжыць не на тым, каб усталяваць дыялог з уладамі, ісці і спрабаваць ім нешта растлумачыць, а на тым, каб усталяваць дыялог у самім грамадстве і паспрабаваць пачаць склейваць прорву, якая ўстанаўліваецца паміж людзьмі, — заявіў прадстаўнік „Сходу”. — Ні адна ўлада не зможа зрабіць так, каб краіна развівалася, калі ў грамадстве будзе раскол, а сёння ён існуе і пашыраецца”.

„Сход” распрацавала група айчынных праграмістаў, прадстаўнікоў бізнесу і крэатыўнай індустрыі на валанцёрскіх пачатках. Яны захоўваюць ананімнасць. Стваральнікі заяўляюць, што платформа „цалкам незалежная ад любых палітычных штабоў” і адкрытая для беларусаў „з любымі палітычнымі поглядамі”. Паводле іх слоў, перадумовай да стварэння „Сходу” сталі заклікі дзейнай улады вылучаць сваіх прадстаўнікоў для вядзення нацыянальнага дыялогу.

belapan.by