За што могуць закрыць партыю?
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пракаментаваў новы парадак правядзеня масавых мерапрыемстваў і новыя пагрозы для зарэгістраваных партый і аб’яднанняў.
Анатоль Лябедзька: Я думаю, што ўнясенне зменаў у закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў – гэта ў пэўнай ступені рэклама беларускіх уладаў. Пытанне доступа прыхільнікаў пераменаў да людзей – гэта частка нашага беларуска-еўрапейскага дыялога. Мы ўвесь час гаворым еўрапейцам, што ў апошні час падавалі 2 тысячы заявак на правядзенне акцый і ніводная не была задаволеная. І Захад робіць акцэнт беларускім уладам на гэтыя моманты. Апошнія ў адказ падрыхтавалі “ліберальныя” змены ў закон аб правядзенні масавых мерапрыемствах. Гэтыя змены – для еўрачыноўнікаў, а не для грамадзян Беларусі. І не для палітычных партый. Яны зараз будуць казаць еўрапейцам: маўляў, глядзіце, у нас такі ж паведамляльны прынцып на правядзенне акцый, як і ў Еўропе.
РР: Але ж паведамляльны прынцып – гэта ўжо нейкі крок наперад?
Анатоль Лябедзька: Улада робіць крок наперад, зрабіўшы перад гэтым два крокі назад. Таму і прапануюцца такія рэчы. Напрыклад, падвышаюць адказнасць тых, хто падае заяўку на акцыі. І адказнасць, як вядома, будзе распаўсюджвацца не толькі на фізічныя асобы, але і на юрыдычыня – тыя ж палітычныя партыі. Гэта значыць, што вы знаходзіцеся ў падвешаным стане. Адным словам, абкладваюць рознымі ўмовамі. Вызначылі такія месцы для акцый, якія абсалютна некамфортныя для ўдзельнікаў. Таму нават, калі будзе паведамляльны прынцып, то ўлады робяць усё, каб яго не так проста было выкарыстоўваць на практыцы.
РР: Партыі могуць аказацца пад пагрозай закрыцця?
Анатоль Лябедзька: Так, дастаткова будзе аднаго папярэджання, каб Мінюст распачаў працэдуру аб закрыцці партыі ў судовым парадку. Гэта такі дамоклаў меч, які будзе выкарыстоўвацца ўладамі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
