„Захад-2017”: Расейская авіяцыя вяртаецца на аэрадромы базавання



Экіпажы аператыўна-тактычнай і вайсковай авіяцыі Паветрана-касмічных сіл і Заходняй ваеннай акругі Узброеных сіл Расеі, якія ўдзельнічалі ў сумесных стратэгічных вучэннях „Захад-2017”, вяртаюцца з аператыўных аэрадромаў у пункты пастаяннай дыслакацыі.

Як паведамляе дэпартамент інфармацыі і масавых камунікацый Міністэрства абароны Расеі, самалёты Су-35С, Су-30СМ, Су-24М, Су-34, Су-25, МіГ-31БМ, МіГ-29СМТ, верталёты Мі-28Н, Мі-35, Мі-8, Ка-52, задзейнічаныя ў розных эпізодах вучэнняў, у тым ліку тых, што праводзіліся на тэрыторыі Беларусі, на працягу двух дзён будуць прыбываць на аэрадромы пастаяннага базавання.

„Падчас вучэнняў экіпажы ПКС і ЗВА, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, выканалі практычна ўвесь спектр задач па прызначэнні, уключаючы высадку тактычнага дэсанту, авіяцыйную падтрымку дзеянняў наземнай групоўкі войскаў, перахопліванне паветраных цэляў, нанясенне авіяцыйных удараў па наземных цэлях і іншыя”, — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны РФ.

belapan.com