Захопленых украінскіх маракоў вывезлі з Крыма ў Маскву



Захопленых у палон расейскімі сілавікамі ўкраінскіх ваенных маракоў вывезлі ў Маскву. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў адвакат Джэміль Цемішаў.

„Маракі ўжо ў Маскве. Калегі з „Ляфортава” паведамілі. Сёння з-за „тэхнічных мерапрыемстваў” „Ляфортава” практычна было зачынена. А мы ў Сімферопалі не змаглі зайсці да сваіх падабаронных, паколькі з імі, нібыта, праводзіліся нейкія мерапрыемствы”, – напісаў Цемішаў.

Сёння ў анексаваным Крыме заявілі, што выпісалі трох параненых украінскіх ваенных.

Напомнім, што 25 лістапада расейскія вайскоўцы абстралялі і захапілі ў Чорным моры кацеры украінскіх ВМС „Бярдзянск” і „Нікапаль”, а таксама буксір „Яны Капу”, якія збіраліся прайсці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. З 24 захопленых украінцаў мінімум трое былі паранены.

ФСБ пачала супраць украінскіх ваенных крымінальную справу па частцы 3 артыкулу 322 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы) Крымінальнага кодэксу РФ.

27 і 28 лістапада „суды” у Керчы і Сімферопалі прынялі рашэнне арыштаваць усіх украінскіх маракоў.

З іншага боку Ваенная пракуратура Паўднёвага рэгіёна Украіны паведаміла пра падазрэнне 8 вайскоўцам РФ, якія былі задзейнічаны ў захопе ўкраінскіх караблёў, ім інкрымінуюць артыкулы Крымінальнага кодэксу „планаванне, рыхтоўля, развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны” і „замах на забойства”. ЗША асудзілі дзеянні Расеі, назваўшы іх праявай агрэсіі, Еўразвяз выказаў занепакоенасць прымяненнем сілы з боку Расеі. Заявы з патрабаваннем вызваліць расейскіх маракоў апублікавалі таксама НАТО і АБСЕ. У звязку з абвастрэннем сітуацыі вакол Керчанскай пратокі 26 лістапада Вярхоўная Рада падтрымала указ прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі пра ўвядзенне ваеннага становішча ў 10 абласцях на 30 сутак. Парашэнка падпісаў закон 28 лістапада. Беларускае Радыё Рацыя