Закон супраць „зялёных чалавечкаў” уступіў у сілу



Новая рэдакцыя закону “Аб ваенным становішчы” пачала дзейнічаць у Беларусі. Закон вызначае падставы для ўвядзення ваеннага становішча, і такіх падставаў дзве — ваенная пагроза і напад. Адметнасць новай рэдакцыі закону сярод іншага ў тым, што цяпер нападам на Рэспубліку Беларусь будзе лічыцца агрэсія супраць любога з сябраў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АБКБ).

У арганізацыю ўваходзяць Беларусь, Расея, Арменія, Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан. Ваеннае становішча ўводзіцца прэзідэнцкім указам і зацвярджаецца цягам трох дзён Саветам Рэспублікі. Закон таксама рэгламентуе і размяжоўвае паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у часе ваеннага становішча. Міністэрства інфармацыі атрымала паўнамоцтвы складаць пералік СМІ, выдавецтваў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў, якія могуць працягваць сваю дзейнасць у часе ваеннага становішча.

Упершыню ў нарматыўна-прававы акт уведзеная фармулёўка „засылка іншай дзяржавай узброеных бандаў (груп), і рэгулярных сіл ці падраздзяленняў рэгулярных войскаў”.

Па рашэнні заканадаўцаў, прысутнасць на тэрыторыі Беларусі так званых «зялёных чалавечкаў» (узброеных асоб без апазнавальных знакаў у форме) афіцыйна будзе лічыцца адным з відаў нападу, якi пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржавы.

Акрамя таго, пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы Беларусь, дастатковай для ўвядзення ваеннага становішча, з’яўляецца канцэнтрацыя ўзброеных сiл iншай дзяржавы ля беларускіх межаў.

Беларускае Радыё Рацыя