Законы Беларусі вышэй за міжнароднае права?



Касацыйны суд па крымінальнай справе лідараў прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча  і Ігара Комліка праходзіў пад пільным вокам спецслужбаў.

Людзей фіксавалі на відэакамеры, яны праходзілі  праз металапашуковыя рамкі, праводзіўся асабісты вобшук і ператрэсваліся сумкі. А пасля гэтага пільнага вобшуку можна было і не патрапіць у судовую залу, абураліся тыя, хто прыйшоў на суд:

– Я сёння  прачнуўся ў 4.30 раніцы, каб быць тут, на судзе. Я не змог рэалізаваць сваё права, я не змог прысутнічаць.

– Пераглядаюць літаральна да майткоў. Нібыта я нешта прынясу такое.

Звярнула на сябе ўвагу прысутных абуральная прамова пракурора Герасімовіч. Паводле яе, законы Беларусі вышэй за міжнароднае права, гаворыць пракурор Герасімовіч:

– Паколькі інкрымінуемае Фядынічу і Комліку злачынства здзейснена на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, суд абгрунтавана кіраваўся заканадаўствам нашай рэспублікі. А довады пра неабходнасць прымянення і кіравання міжнароднымі прававымі актамі, з’яўляюцца неабгрунтаванымі.

Менскі гарадскі суд падтрымаў рашэнне суда Савецкага раёна Менска. Па рашэнні суда першай інстанцыі,  кіраўнікі прафсаюза РЭП атрымалі 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу за няўплату падаткаў у асабліва буйных памерах. Ім забаронена займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год. У скарзе лідары прафсаюза просяць спыніць гэтую крымінальную справу.

Паводле Генадзя Фядыніча, яны былі гатовыя да такога рашэння. Паколькі справа заказная і палітычная.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя