“Замарозка” стасункаў з Захадам: колькі гэта працягнецца?



Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч прааналізаваў сітуацыю, якая склалася зараз у беларуска-еўрапейскіх стасунках.

Нагадаем, што Еўразвяз вырашыў адклікаць для кансультацый частку паслоў сваіх краін, якія працуюць у Беларусі, пра што паведаміў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Раў.

Алесь Міхалевіч: Варта адзначыць, што сёння мы бачым не “халодную” вайну паміж Беларуссю і Захадам, а “халодную” вайну беларускага рэжыма з уласным народам і з тымі, хто падтрымлівае гэты народ.

Але ў той жа час факт застаецца фактам – напружанасць дасягнула практычна кульмінацыі, бо Еўразвяз вырашыў адклікаць частку паслоў сваіх краін. Думаю, такая сітуацыя зацягнецца на месяцы, але наўрад ці на гады. Пры гэтым нельга выключаць, што сітуацыя можа і ўскладніцца, калі рэжым вырашыць увесці ў краіне вайсковае становішча.

У такім выпадку стасункі могуць закансервавацца да таго моманту, пакуль у рэжыма будзе хапаць грошай.

РР: Так званая “каляровая рэвалюцыя” ў Беларусі была падрыхтавана ўсё-такі на Захадзе ці ў Крамлі?

Алесь Міхалевіч: “Каляровая рэвалюцыя” ў Беларусі найперш была падрыхтаваны сённяшнім беларускім рэжымам, бо менавіта хлусня, фальсіфікацыі і гвалт над уласным народам прымусіў народ абурыцца і выйсці на пратэсты.

Можна пабачыць, што і многія лідары пратэснай апазіцыі, і некаторыя экс-прэтэндэнты ў прэзідэнты, і сябры Каардынацыйнай рады сядзяць у турмах, а маршы, як збіралі ў нядзелю 100 тысяч людзей, так і працягваюць збіраць. Без аніякіх лідараў. Гэта яшчэ раз паказвае, што ніякай арганізацыі пратэстаў з Захаду не было. Народ сам хоча вярнуць сабе права абіраць ва ўладу сваіх прадстаўнікоў і самому вырашаць лёс краіны.

РР: Ці задаволена Масква такім развіццём падзей?

Алесь Міхалевіч: З аднаго боку, безумоўна, задаволена, бо заўсёды хацела, каб Беларусь не была шматвектарнай і была прывязана толькі да Расеі. А з іншага боку і зменаў у беларускай уладзе хоча, бо тая не раз яе падманвала. Праўда, абсалютна не жадае, каб такая змена адбылася ў выніку пратэстаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя