Затрымалі Алену Радзькову, давераную асобу Святланы Ціханоўскай з Наваполацка
Відавочцы распавядаюць, што сёння яна займалася назіраннем, і яе затрымалі калі будынка гімназіі ў Наваполацку, дзе месцяцца ўчасткі №№ 29, 30 і 31. Нібыта дзяўчына з кімсьці размаўляла на вуліцы, і міліцыянты кваліфікавалі яе дзеянні як несанкцыянаваны мітынг.
Тэлефон Алены Радзьковай на сувязі, але слухаўку яна не бярэ. Яна мае пяцігадовае дзіця, але не вядома, ці выпусцяць яе сёння з-пад варты. Істотна тое, што яна –адзіная, хто мог трапіць на падлік галасоў у тэрытарыяльную выбарчую камісію, бо гэта дазваляе статус даверанай асобы.
Калі на Алену Радзькову насамрэч будзе складзены пратакол, і яе пакінуць за кратамі, то суд над ёй мае адбыцца заўтра, 10-га жніўня. І гэта будзе ўжо трэці суд за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах: дзяўчыну ўжо двойчы штрафавалі за ўдзел у сстрымах Сяргея Ціханоўскага і за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным пікеце падчас выбарчай кампаніі
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск