Завяршылася стварэнне ўчастковых выбарчых камісій на мясцовых выбарах



3 студзеня завяршылася стварэнне ўчастковых выбарчых камісій, якія ўтвараюцца для правядзення мясцовых выбараў 18 лютага 2018 года.

Правам на вылучэнне прадстаўнікоў у склад камісій валодаюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў.

Раней было ўтворана 5.870 участкаў для галасавання: у Гомельскай вобласці — 1.022, у Менскай — 991, Берасцейскай — 923, Віцебскай — 798, Магілёўскай — 750, Гарадзенскай — 675, Менску — 711. 250 участкаў знаходзяцца ў санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, яшчэ 17 — у воінскіх часцях.

Апазіцыя і незалежныя назіральнікі падкрэсліваюць, што ўчастковыя выбарчыя камісіі з’яўляюцца ключавымі пры правядзенні выбараў, бо менавіта яны вядуць падлік галасоў. Наяўнасць у іх дэмакратычных прадстаўнікоў, а таксама ступень празрыстасці працы камісій, лічаць яны, сведчыць аб адкрытасці і сумленнасці выбарчага працэсу.

Зараз таксама праходзіць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, якое будзе доўжыцца да 8 студзеня. Рэгістрацыя кандыдатаў адбудзецца з 9 па 18 студзеня.

Дэпутаты будуць абірацца ў 1.309 мясцовых саветаў.

belapan.by