Зборшчык подпісаў: З 10 кватэраў толькі ў 2-3-х можна застаць гаспадароў



Гарадзенскія зборшчыкі подпісаў за незалежных кандыдатаў кажуць пра тое, што жыхары гораду мала цікавяцца палітыкай. Яшчэ адна праблема – гэта тое, што застаць улетку людзей у хаце вельмі цяжка: многія з’ехалі ў адпачынкі ці бавяць час на лецішчы ці на бліжэйшым возеры і з’яўляюцца ў горадзе даволі ў позні час.

Пра свае праблемы зборшчыкі подпісаў расказалі нашаму радыё:

– Падпісваюцца досыць актыўна. Пікет за 2,5 гадзіны збірае каля 40-45 подпісаў, што ў прынцыпе досыць добры вынік.

– У асноўным людзі без пашпартоў, з сабой яго не носяць. Многія ставяць подпісы, многія не хочуць падтрымліваць – баяцца. Некаторыя не ведаюць, у чым справа. Нават у вечаровы час у кватэрах амаль нікога няма.

– Асноўная праблема – адсутнасць людзей у горадзе. Збіраю подпісы з 18-й гадзіны і да 21-й, пазней не збіраю, бо не хочацца людзей турбаваць. Калі ходзіш па кватэрах, то з 10 кватэр толькі ў 2-3-х ёсць людзі.

У горадзе над Нёманам ад незалежных кандыдатаў найбольш заўважныя зборшчыкі подпісаў за Анатоля Лябедзьку і Таццяну Караткевіч. Афіцыйны збор подпісаў за тое, каб стаць кандыдатам на пасаду прэзідэнта, завяршаецца 21-га жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя