З’езд Партыі БНФ адкладаецца да лістапада



Справаздачна-выбарчы ХХ з’езд Партыі БНФ (XVI з’езд Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”), які меўся адбыцца 24 кастрычніка, адкладаецца на два тыдні: сойм партыі прыняў рашэнне пра перанос з’езду з прычыны адсутнасці памяшкання і прызначыў новай датай з’езду 7 лістапада.

Як паведамляе Управа Партыі БНФ, рашэнне пра падрыхтоўку чарговага з’езду БНФ было прынятае яшчэ да выбараў, у ліпені. Датай з’езду было вызначана 24 кастрычніка. Сойм таксама зацвердзіў нормы прадстаўніцтва і парадак вылучэння дэлегатаў, усклаўшы арганізацыйныя функцыі па падрыхтоўцы да з’езду на Управу.

Аднак, у апошнія дні напярэдадні з’езду паўсталі перашкоды ў арганізацыі мерапрыемства: раней дамоўленае памяшканне для правядзення з’езду апынулася недаступным, а шэраг іншых прыдатных канфэрэнц-заляў адмовіліся здаваць залю ў арэнду апазіцыйнай партыі.

Улічваючы, што цяпер партыя знаходзіцца пад прыцэлам кантралюючых органаў, было вырашана адкаласці правядзенне з’езду на два тыдні і прызначыць новай датай з’езду 7 лістапада. Такое рашэнне прыняў Сойм Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”, які адбыўся 19 лістапада ў анлайн-фармаце.

Адказны сакратар Управы Партыі БНФ Зміцер Салошкін так пракаментаваў прычыны пераносу з’езду:

–       Менавіта цяпер адбываецца маштабная праверка дзейнасці партыі, прычым правяраецца не толькі партыяў цэлым, але і ніжэйстаячыя структуры правяраюцца таксама абласнымі ўпраўленнямі юстыцыі. Запытваюцца не толькі пратаколы і спісы органаў, але і дакументы ў пацвярджэнне юрыдычных адрасоў ды спісы сяброў партыі. Гэта найбольш маштабная праверка за ўвесь час існавання партыі. Пры такіх умовах мы не можам рызыкаваць зрывам справаздачна-выбарчага з’езду ў апошні момант, калі адсутнічае пэўнасць у наяўнасці памяшкання. На жаль, у нас раней былі выпадкі, калі арэндадаўцы адмаўлялі ў залі для з’езду БНФ літаральна ў дзень правядзення мерапрыемства.

Таму прынятае рашэнне перанесці дату з’езду на 7 лістапада і заключыць дамову арэнды памяшкання на гэты дзень. Мы працягваем пошук канфэрэнц-залі належнай умяшчальнасці і спадзяёмся, што ўлады не будуць чыніць перашкоды для з’езду.

У астатнім праца па падрыхтоўцы пасяджэння вышэйшага органу партыі вядзецца ў рабочым парадку, адбываюцца тэрытарыяльныя сходы ў рэгіёнах па вылучэнні дэлегатаў. Натуральна, на сходах сябры партыі абмяркоўваюць бягучую сітуацыю ў краіне і шляхі выхаду з грамадска-палітычнага крызісу, у якім апынулася краіна пасля выбараў і хвалі гвалту, што ўчынілі ўлады супраць абураных фальсіфікацыямі людзей. Абмяркоўваецца таксама і прапанова ўладаў прыняць удзел у абмеркаванні рэформы канстытуцыі – на гэты конт гучаць розныя думкі, і гэтыя дыскусіі, відавочна, будуць працягнутыя на з’ездзе – сказаў адказны сакратар Управы Партыі БНФ Зміцер Салошкін.

Прызначаны на 7 лістапада ХХ з’езд Партыі БНФ (XVI з’езд Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”) будзе справаздачна-выбарчым: на ім будуць абраныя сябры кіруючага органу партыі і руху (Сойм), а таксама рэвізійная камісія. З’езд заслухае справаздачу старшыні партыі Рыгора Кастусёва і справаздачу рэвізійнай камісіі, а таксама абярэ таемным галасаваннем на трохгадовы тэрмін старшыню партыі і намеснікаў старшыні (колькасць намеснікаў вызначае з’езд).

Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, з’езд Партыі БНФ адбываецца ў лёсавызначальны перыяд беларускай гісторыі:

–       Задачы БНФ у новых умовах, партыйная тактыка і стратэгія дзеянняў па абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў і рэалізацыі палажэнняў партыйнай праграмы – гэта тое, што будзе, безумоўна, прадметам шырокага абмеркавання на будучым з’ездзе партыі. Палітычнае кіраўніцтва БНФ рыхтуе пакет заяваў і рэзалюцыяў, якія будуць прапанаваныя з’езду дзеля вызначэння пазіцыі партыі па найважнейшых пытаннях развіцця краіны і выхаду з палітычнага крызісу, выкліканага злачыннымі дзеяннямі аўтарытарнага кіраўніцтва краіны, – сказаў Рыгор Кастусёў.

Мінулы справаздачна-выбарчы XVIII з’езд БНФ адбыўся ў 2017 годзе. На ім старшынём Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” быў абраны Рыгор Кастусёў, а таксама былі прынятыя некалькі рэзалюцыяў ды заяваў. Пазачарговы ХІХ з’езд БНФ у 2019 годзе меў перадвыбарчы характар, на ім вылучаліся кандыдаты ў дэпутаты, перавыбараў кіраўніцтва не праводзілася.

Прэс-служба Партыі БНФ