Зміцер Дашкевіч: Беларусь заслужыла Лукашэнку!



Пры канцы 2016 года на 8-ай цырымоніі ўручэння прэмій “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” Асамблеяй недзяржаўных арганізацый у намінацыі “Лідар года” гэтае званне атрымаў лідар “Маладога фронту”, былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Зміцер Дашкевіч

Ён стаў ініцыятарам патрыятычных акцый у абарону нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга ды надання яму статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. Прыз у намінацыі “Кампанія году” ўручаны таксама гурту энтузіястаў, якія пад яго кіраўніцтвам у рэкордныя тэрміны сабралі па ўсёй Беларусі звыш 10 тысяч подпісаў.

14358982_10208816732788758_5323341846397664537_n

Цягам мінулага года ён, паводле пратаколаў, знішчыў “3,5 кв. м урадлівага слою глебы” на беларуска-расейскай мяжы. Пратэставаў і супраць адкрыцця графіці “Масква-Менск” на адным са сталічных хмарачосаў ды ўсталявання помніка Леніна каля трактарнага завода.

15826208_1123787401053041_127432345214597699_n

Зміцер бацька Марачкі, якой два з паловай годзікі і гадавалага Давіда.

РР:  Уручэнне любой прэміі звонку заўжды ўспрымаецца як нейкае шоў. Што для цябе гэта значыць?

Зміцер Дашкевіч: Натуральна, праводзячы акцыі ды збіраючы подпісы, ніхто пра ўзнагароды не думае. Мы з сябрамі збіраліся і рабілі тое, што на сэрцы. Тое, што грамадства ацаніла нашы высілкі – усцешаны.

РР: Але якую з папярэдне пералічаных акцый лічыш найбольш важкай і выніковай?

Зміцер Дашкевіч: У памяці, як казка-песня, застанецца рыццё акопаў пад Веткай. Здавалася, нас “браць” у лес з’ехалася палова раёна – адных падпалкоўнікаў было пяцёра, дый з “калашамі”! Астатнія ў бронекамізэльках ды са збялелымі дзвюмя настаўніцамі беларускай мовы “для перакладу”. Але, канешне, найбольш сістэмнай была кампанія па наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці нашаму сцягу. Напачатку думаў выйсці аднаму і сабраць тысячу подпісаў. Але далучыліся мае сябры і паплечнікі з “МФ” і – 6 чалавек сабралі памянёныя 10 з паловай тысяч! Зазначу – гэта адбывалася без аніякіх “грантаў”, большасць людзей не адрывалася ад працы ці вучобы. Тым больш, паказальна на тле таго, што многія апазіцыйныя арганізацыі агітавалі ісці на выбары пад клічам таго што,“ у нас няма іншай мажлівасці камунікаваць з грамадствам”. А ўзняцца ды самім пайсці на вуліцы, у пераходы з бел-чырвона-белымі сцягамі?! Дарэчы, са сцягамі пратаколы складалі, без іх – не. І такія акцыі ў тысячу разоў больш дзейсныя за любыя друкаваныя палітычныя праграмы! Не – чакаюць ад выбараў да выбараў, калі Ярмошына з Лукашэнкам дазволяць пазбіраць подпісы “у падтрымку”…

РР: Але ж не сакрэт, што ў тым жа апазіцыйным асяродку нямала такіх, што лічаць – “час вулічных праметэяў прайшоў”, “рэвалюцыйнымі ўдарамі не расцярушыць сучаснае грамадства” і “народ прыслухоўваецца да ціхіх экспертаў, а не вулічных трыбунаў”. Дарэчы, і пра дзейснасць – у адказе з Мінкульта на перададзеныя туды подпісы намеснік міністра Яцко цынічна цвердзіць пра “адсутнасць абгрунтавання да прызнання бел-чырвона-белага сцяга”. Яму, відаць, менш за 20 і ён не памятае, што нацыянальны штандар быў дзяржаўным у 1991-95…

Зміцер Дашкевіч: Гэта чыноўніцкія цынізм і надуманасць. А ў грамадстве – мы ўбачылі ясна – адбываецца перафарматаванне адносін да сцяга, увогуле, беларускай дзяржаўнасці. Дый той жа Лукашэнка пасля вядомых падзей яўна прымярае на сабе “крымскую кашулю” і пачынае разумець, што небяспека сыходзіць не з боку НАТА, якім ён пужаў грамадства два дзесяцігоддзі, а з боку “брацкай” Расеі. Якая нягледзечы ні на якія міжнародныя законы, нормы, прынятыя межы можа раптам інкарпараваць любую тэрыторыю дзеля, нібы, абароны “рускамоўных”, “адзінаверцаў” ці яшчэ якой трасцы. Ужо і некаторыя з прэзідэнцкага атачэння зразумелі, што калі сюды прыйдзе “рускі свет”, адзіныя, хто і іх будзе бараніць – тыя, каго яны дзесяцігоддзямі ганьбавалі. А наконт тэзаў пра “неабходнасць эвалюцыйных змен”? Я 15 год займаюся палітыкай і дакладна ўяўляю, што за імі, як правіла, хаваецца згодніцтва з рэжымам. Заўжды супраць гэтага выступаў. Канешне, у пэўным плане мы – тыя, хто ходзяць на акцыі, “экшэны”, “барыкады” – былі і ёсць рамантыкамі. Але мы “рамантычна” выйшлі на вуліцы, мерзлі і – 10 тысяч подпісаў. Хіба “рамантызм”, а не справа? А як тады называць, здаецца, 50 тысяч сяброў кампаніі за “народны рэферэндум”, што паўтары гады за сябе збіралі столькі ж подпісаў? Гэта як – кожны сам за сабе падпісваўся?! А цяпер кажуць – “трэба ісці і з “імі” там навярху дагаварвацца”. Я прыхільнік запавету Ісуса Хрыста – “не кідайце перлаў перад свіннямі, каб яны, патаптаўшы вашы перлы, не развярнуліся ды вас яшчэ не разадралі”. Жыццё пакажа, хто меў рацыю – ідэолагі “эвалюцыйных зменаў” і згодніцтва альбо “рамантыкі”, што не толькі выходзілі на акцыі, але ўпрэгліся ў доўгатэрміновую і мэтанакіраваную працу.

 РР: Сусветна вядомы журналіст Уладзімір Познер у часе перадвыбарчай кампаніі ў Амерыцы зазначыў, што “Хілары Клінтан у добрым і дрэнным прадказальная, а Трамп – не”. І – “Амерыка заслужыла Трампа”. Перафразуючы – Беларусь заслужыла Лукашэнку?

Зміцер Дашкевіч: Абсалютна! Банальна, але кожны народ варты сваёй улады і ўраду. Натуральна, сёння ніхто не верыць, што яго падтрымліваюць 80% ці колькі там яны сабе пішуць на выбарах. Але нават калі іх 20, дык астатнія 50 ці 70% затыкаюцца і маўчаць! Пры чым, нехта ва ўсіх бядотах абвінавачвае апазіцыю! Але хто і для каго тады падымае кошты на паліва?! Хто абвальвае рубель у тры разы і кажа , што “згарэлі вашы сродкі”?! Прымаюць адкрыта дэбільны закон пра “дармаедаў” – нехта выйшаў з іх і ўзняў голас?! Пры маўклівай злачыннай “згодзе” чыніцца ў Беларусі тое, што чыніцца. А значыць, “большасць” вартая ў выбары таго, хто зараз намі кіруе.

РР: Мы пачалі гаварыць пра выклікі часу супраць краіны. У расейскіх праімперскіх СМІ ўзмацнілася акурат рыторыка пра тое, што бел-чырвона-беламу сцягу і мове можа супрацьстаяць толькі іх “зброя”. А замест “адмарозкаў з апазіцыі”, маўляў, “на Майдан” цягне, аказваецца, ўжо і сам набліжаны “да цела” Улаадзімір Макей. Няўжо ўсё ідзе да сітуацыі, пра якую ў адным з інтэрв’ю сказаў – “прыйдзе рускі свет – прыйдзецца забрацца ў лес і ваяваць”?!

Зміцер Дашкевіч: Здаровы на розум чалавек у такім выпадку спрабуе падключыць рацыю, логіку і думае – для чаго Пуціну трэба было адрываць Крым і пачынаць разню на Данбасе? Пуціншчына ж загразла ва Украіне. А на выбары ў 2018-ым у літаральным сэнсе галодным 80% расейцам “за яго” трэба падносіць на сподачку чарговую “перамогу”. А эканамічных здабыткаў бракуе, баярышнік выкошвае больш, чым войны. Вось і трэба бліц-крыг. На шчасце, асабістыя інтарэсы захавання ўлады ў Лукашэнкі супадаюць зараз з інтарэсамі Беларусі. Не ім прыдуманае, што лепш быць першым у правінцыі, чым другім у Рыме.

РР: Ён жа таксама паабяцаў на абарону Беларусі зарыцца “ў партызанскія зямлянкі”…

Зміцер Дашкевіч: Натуральна. Да нас у час правядзення акцыі “зборы Ваяра” прыязджаў з Менску сапраўдны амапавец у чорна-зялёным “кепі”. Я запытаў – калі прыйдзе Пуцін, твае саслужыўцы чые загады будуць выконваць – Пуціна ці Лукашэнкі. Адказаў не задумваючыся – большасць Пуціна. А ўзяць “нашых” генералаў, што заканчвалі акадэміі маскоўскіх генштабаў, у кабінетах якіх адкрыта стаяць расейскія трыкалоры! Лукашэнка, безумоўна, разумее ўсё гэта. Але сістэма ім жа адбудоўвалася не год-два – дзесяцігоддзі. І не за год-два яе змяніць. Хоць, з іншага боку, канфлікт Лукашэнкі і Крамля дае мажлівасць выжыць нам і, увогуле, беларусам як нацыі.

РР: На адной з акцый назваў хлопца ў кепцы з надпісам “RUSSIA” “пазорнікам”. Не буду прыгадваць пра твае катаванні падчас двух турэмных тэрмінаў. Як захоўваеш веру ў беларускі народ?

Зміцер Дашкевіч: Ну наколькі “тыя” і тыя, што адкрыта выконваюць загады з Лубянкі – беларускі народ?! Гэта манкурты, што выракліся маці, мовы, Бацькаўшчыны. Прыгадваю Ніла Гілевіча – “беларускі народ вялікі ў сваім маўчанні”. Пакуль што мы церпім і стаілася духоўная, нацыянальная моц. Але перад вачыма прыклад Курапатаў, калі ў канцы 80-х тысячы беларусаў першымі ў Савецкім Саюзе ўзняліся пад дубінкі, пад газ. Хіба гэта не разбурае міты пра “памяркоўную” нацыю? Мы выйшлі з рабства ў 90-х. На вялікі жаль, многія пасля захацелі туды вярнуцца. Невядома, праз колькі, але пасля гэтага дыялектычна наступіць уздым.

РР: Што магло б стаць штуршком для нацыянальна-культурнага адраджэння?

Зміцер Дашкевіч: Вось гэта пустэльня Маісея, паўз якую зараз праходзім. У мяне на памяці прыклад пакойнага Паўла Шарамета, які напачатку шляху сцябаўся: “Ды што вы, беларускамоўныя, тут можаце?!” І яго прарочы артыкул перад забойствам, дзе ён напісаў, што лічыць героямі тых, хто размаўляе па-беларуску. Таму што без аўтаматаў супрацьстаяць імперскаму злу. Яскравейшы прыклад вяртання да свядомасці і адраджэння сваёй памяці. І гэта, думаю, адбываецца з усімі намі – у той ці іншай ступені…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск