Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў траўні знізіліся на 3,7 млн даляраў
Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі ў траўні знізіліся на 3,7 млн даляраў і на 1 чэрвеня 2020 года склалі 7.879,3 млн даляраў ЗША, паведамляе Нацбанк.
Такім чынам, у траўні рэзервы скараціліся на 0,05% пасля росту ў красавіку на 96,4 млн даляраў ЗША, або на 1,2%.
На зніжэнне золатавалютных рэзерваў у траўні паўплывала планавае пагашэнне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 220 млн даляраў ЗША, гаворыцца ў паведамленні.
Пры гэтым падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у траўні спрыялі купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на ўнутраным рынку, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама рост кошту манетарнага золата.
Нацбанк нагадвае, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год міжнародныя рэзервовыя актывы на 1 студзеня 2021 года павінны скласці не менш за 7,3 млрд даляраў ЗША.
„Нашы ацэнкі па памеры золатавалютных рэзерваў на канец года мы не мяняем. Яны ўстаноўленыя ў асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі”, — адзначыў кіраўнік Нацбанка Павел Калаур 13 траўня падчас відэабрыфінгу.
У лютым ён заявіў, што рэзервы да канца года, хутчэй за ўсё, будуць бліжэй да 9,2 млрд даляраў (паказчык на 1 лютага), чым да прагнознага арыенціра (7,3 млрд даляраў).
У сваю чаргу міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings чакае, што ўзровень рэзерваў да канца года апусціцца ніжэй за тую адзнаку, якую чакаюць улады.
Паводле прагнозу Fitch, беларускія рэзервы да канца года складуць 7,1 млрд даляраў. На думку аналітыкаў агенцтва, зніжэнне рэзерваў будзе абумоўленае пагашэннем Беларуссю дзяржаўнага доўгу і больш нізкім аб’ёмам куплі валюты на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам у параўнанні з папярэднімі гадамі.
Як паведамлялася, на 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 9.393,5 млн даляраў. Такім чынам, за студзень—травень рэзервы скараціліся на 1.514,5 млн даляраў. Найбольшае зніжэнне адбылося ў сакавіку. Тады на фоне росту валютных курсаў насельніцтва рэзка павялічыла попыт на замежную валюту, і рэзервы скараціліся на 1.018,9 млн даляраў.
