ЗША і Ізраіль аб’явілі пра выхад з ЮНЕСКА



Дзярждэпартамент ЗША накіраваў афіцыйнае апавяшчэнне аб выхадзе з ЮНЕСКА. Галоўнай прычынай адмовы ад сяброўства называецца антыізраільская пазіцыя арганізацыі. Ізраіль крыху пазней абвясціў аб аналагічным намеры.

Сяброўства ЗША ў ЮНЕСКА спыніцца 31 снежня 2018 года.

Пра рашэнне Ізраіля аб’явіў прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нітаньяху. «Прэм’ер-міністр праінструктаваў міністэрства замежных спраў у справе падрыхтоўкі выхаду з арганізацыі разам з ЗША», — гаворыцца ў заяве адміністрацыі Нітаньяху.

Нітаньяху «вітае рашэнне прэзідэнта Трампа аб выхадзе з ЮНЕСКА. Гэта адважнае і маральнае рашэнне, бо ЮНЕСКА ператварылася ў тэатр абсурду, і замест захавання гісторыі, арганізацыя яе перакручвае», адзначаецца ў паведамленні.

У заяве Дзярждэпартамента гаворыцца: «Гэта было нялёгкае рашэнне, яно адлюстроўвае занепакоенасць ЗША ў сувязі з запазычанасцямі ў ЮНЕСКА, неабходнасцю фундаментальнай рэформы арганізацыі і прадузятай антыізраільскай пазіцыяй, якая не спыняецца ў ЮНЕСКА”.

У ведамстве дадалі, што ЗША маюць намер працягваць узаемадзеянне з ЮНЕСКА ў якасці дзяржавы-назіральніка.

Кіраўніцтва ЮНЕСКА выказала шкадаванне ў сувязі з выхадам Злучаных Штатаў.

„Я хачу выказаць глыбокае шкадаванне ў сувязі з рашэннем ЗША выйсці са складу ЮНЕСКА”, — гаворыцца ў заяве кіраўніка арганізацыі Ірыны Бокавай.

ЮНЕСКА – Арганізацыя аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі навукі і культуры – дзейнічае з 1945 года.

У 2011 годзе ў склад ЮНЕСКА ў якасці паўнапраўнага члена была прынятая Палестынская аўтаномія.

ЗША, а таксама Ізраіль, асудзілі гэтае рашэнне. ЗША тады ж прыпынілі выплату членскіх узносаў арганізацыі.

Разыходжанні з Ізраілем

7 ліпеня ЮНЕСКА ўнесла ў спіс Сусветнай спадчыны Стары горад Хэўрона і Пячору Патрыярхаў, якія знаходзяцца на акупаваных Ізраілем палестынскіх тэрыторыях. Арганізацыя таксама пазначыла, што абодва аб’екты знаходзяцца пад пагрозай.

Гэтае рашэнне таксама выклікала негатыўную рэакцыю Ізраіля і ЗША. Яны настойвалі, што ў рэзалюцыі гаварылася толькі пра сувязь Хэўрона з „ісламскай гісторыяй” і не згадвалася пра важнасць горада для габрэйскай культуры.

Акрамя таго, у ЗША заявілі, што Пячора Патрыярхаў не знаходзіцца „пад непасрэднай пагрозай” і ўключэнне яе ў спіс ставіць пад пытанне сур’ёзнасць падыходу арганізацыі.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раней крытыкаваў непрапарцыйны, на яго думку, уклад ЗША ў арганізацыі ААН.

На ЗША прыходзіцца 22% бюджэту ААН і 28% бюджэту міратворчых місій.

BBC