ЗША ў АБСЕ: Рэжым Лукашэнкі і далей будзе несці адказнасць за свае дзеянні



Рэжым у Беларусі і далей будзе несці адказнасць за свае дзеянні, заявіла часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЕ Кортні Острыен, выступаючы на пасяджэнні Пастаяннага савета Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

„Рэжым несправядліва ўтрымлівае больш за 600 палітычных зняволеных. У спробе прымусіць замаўчаць жыццёва важныя незалежныя галасы ўлады правялі вобшукі, зачынілі дзверы і выставілі палітычна матываваныя абвінавачванні ў адрас сродкаў масавай інфармацыі і НДА”, — канстатавала Острыен у сваёй прамове, прысвечанай гадавіне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Яна падкрэсліла, што беларускія ўлады ўсё часцей запалохваюць і пераследуюць беларусаў за мяжой, прывёўшы ў якасці прыкладу прымусовую пасадку рэйса Ryanair 4978 з мэтай арышту беларускага незалежнага журналіста, спробы запалохаць Літву і іншыя суседнія з Беларуссю краіны ЕС з дапамогай арганізаванага патоку нелегальных мігрантаў на сумежныя тэрыторыі, а таксама спробу прымусова адправіць на радзіму спартсменку Крысціну Ціманоўскую.

„Гэтыя транснацыянальныя рэпрэсіі адлюстроўваюць абуральнае ігнараванне міжнародных нормаў. Транснацыянальныя рэпрэсіі недапушчальныя і павінны быць спыненыя. Рэжым Лукашэнкі і далей будзе несці адказнасць за свае нядобрасумленныя дзеянні”, — заявіла Острыен.

„Санкцыі дэманструюць нашу рашучасць заклікаць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за парушэнні правоў чалавека, карупцыю і напады на дэмакратыю”, — падкрэсліла яна.

„Злучаныя Штаты яшчэ раз заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, апазіцыі, СМІ, спартсменаў, студэнтаў, юрыстаў і іншых грамадзян і неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных. Таксама мы зноў заклікаем рэжым Лукашэнкі прыняць прапанову АБСЕ аб садзейнічанні нацыянальнаму дыялогу, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем. Мы падтрымліваем народ Беларусі ў захаванні правоў чалавека і асноўных свабод”, — падсумавала часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЕ.

belapan.by