ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Беларусі



Злучаныя Штаты ўвялі новыя санкцыі супраць Беларусі, якія датычацца 20 чалавек і 12 арганізацый. Абноўлены спіс санкцый апублікаваў Мінфін ЗША, піша „Еўрапейская праўда”.

У спісе, у прыватнасці, ёсць Дзмітрый Лукашэнка – сын самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод падсанкцыйных кампаній фігуруюць „Белтэхэкспарт”, вытворца угнаенняў „Слаўкалій” і „Агророзквіт”, украінскае даччынае прадпрыемства „Беларуськалія”, 140-ы рамонтны завод, авіякампанія „Трансавіяэкспарт”.

Акрамя таго, у санкцыйны спіс унеслі два транспартныя самалёты Іл-76ТД і верталёт Agusta-Westland AW-139, зарэгістраваны на „Слаўкалій”.

Нацыянальны перавозчык „Белавія” пад санкцыі не патрапіў.

Нагадаем, паслы Еўразвяза зацвердзілі пяты пакет санкцый супраць Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам, якія набывае моц 2 снежня.

Фота: tourdom.ru