ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі



Улады ЗША дадалі ў санкцыйны спіс яшчэ 38 прозвішчаў і найменняў арганізацый, якія маюць дачыненне да дзеянняў Расеі ва Украіне. Пра гэта гаворыцца на сайце Федэральнага казначэйства Злучаных Штатаў, паведамляюць інфармагенцтвы.

«Гэтыя дзеянні захаваюць ціск на Расею для таго, каб яна шукала дыпламатычнае рашэнне. Цяперашняя адміністрацыя нацэленая на дыпламатычны працэс, які гарантуе суверэннасць Украіны. Не можа быць ніякай адмены санкцый, пакуль Расея не выканае абавязацельствы, узятыя Менскімі пагадненнямі», — растлумачыў міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын.

У спісе 19 кампаній і 19 фізічных асоб. Сярод іх — прыватная ваенная кампанія «Вагнер» і кампаніі «Канкорд кейтэрынг» і «Канкорд менеджмент энд кансалтынг» — апошнія дзве арганізацыі ўключаныя ў спіс за тое, што кантраляваліся рэстаратарам Яўгенам Прыгожыным, які знаходзіцца пад санкцыямі з снежня 2016 года. Акрамя таго, пад абмежаванні патрапілі шэраг чыноўнікаў з Крыма і «ДНР-ЛНР», а таксама асобы, звязаныя з мотаклубам «Начныя ваўкі».

13 чэрвеня кангрэс раскрыў дэталі законапраекта аб новых санкцыях супраць Расеі. У выпадку яго зацвярджэння амерыканскім кампаніям і прыватным асобам будзе забаронена крэдытаваць расейскія банкі даўжэй чым на 14 дзён. У цяперашні час гэты тэрмін складае 90 дзён. Таксама прапануецца абмежаваць тэрміны фінансавання расейскіх кампаній нафтагазавага сектара. Для іх будзе ўсталяваны тэрмін крэдытавання ў 30 дзён.

Акрамя таго, на працягу 180 дзён пасля ўвядзення паправак кіраўнік Мінфіна ЗША павінен прадставіць у кангрэс даклад, які апісвае магчымыя наступствы распаўсюджвання санкцый на суверэнны доўг Расеі.

nn.by