Зяленскі спадзяецца на выдачу Украіне расейскіх баевікоў



Пытанне выдачы затрыманых у Беларусі расейскіх грамадзян абмеркаваў у тэлефоннай размове з Аляксандрам Лукашэнкам 5 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

„Правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Лукашэнкам. Спадзяюся, што падазраваныя ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны будуць нам перададзеныя для прыцягнення да крымінальнай адказнасці згодна з дзейным міжнародна-прававым дакументам”, — паведаміў Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Прэс-служба ўкраінскага лідара распаўсюдзіла больш падрабязную інфармацыю пра размову. Бакі „дэталёва абмеркавалі пытанні, звязаныя з затрыманнем на тэрыторыі Беларусі ў канцы ліпеня групы асоб, якая належыць да прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера”. Адзначаная „важнасць далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяння кампетэнтных органаў дзвюх дзяржаў, у прыватнасці, у кантэксце перадачы Украіне асоб, якія падазраюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці” на тэрыторыі краіны.

Зяленскі „выказаў перакананасць, што датычным да дзеянняў незаконных фарміраванняў на Данбасе не ўдасца пазбегнуць справядлівага пакарання”.

Бакі абмеркавалі таксама падрыхтоўку да трэцяга форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі, які запланаваны на кастрычнік у Гародні. Зяленскі „выказаў асабістую падзяку прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за накіраваную ў ліпені гуманітарную дапамогу насельніцтву заходніх рэгіёнаў Украіны, якія пацярпелі ад паводкі”.

Яшчэ адной тэмай стала „распаўсюджанне і пераадоленне наступстваў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 на тэрыторыі дзвюх дзяржаў”.

Украіна мае намер настойваць на выдачы 28 з 33 чалавек, затрыманых у ноч на 29 ліпеня ў санаторыі „Беларусачка” пад Менскам. Пры гэтым дзевяць з іх Кіеў лічыць украінскімі грамадзянамі. Беларускі бок сцвярджае, што затрыманыя маюць дачыненне да расійскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера і прыбылі ў краіну для арганізацыі масавых беспарадкаў. У сваю чаргу Расія настойвае на тым, што група перамяшчалася праз Беларусь транзітам, і патрабуе найхутчэйшага вызвалення затрыманых.

belapan.by

Фота: focus.ua