Зянон Пазьняк: Пуцін страшнейшы за Гітлера



Забойства Барыса Нямцова непасрэдна звязана з галадоўкай украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі – мяркуе Зянон Пазьняк. «У Крамлі палічылі, што смерць Саўчанкі скалыхне ўвесь свет, ды вырашылі забіць двух зайцаў: забіць палітычнага апанента і адцягнуць увагу ад галадоўкі Надзеі», – кажа старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ:

 Другая смерць, якая рыхтуецца Расеяй, – гэта смерць Надзеі Саўчанкі. І я лічу, што гэтыя дзве падзеі звязаны між сабой. Надзея яшчэ жывая. Але ўжо тады, калі яна пайшла на галадоўку, будучы ў расейскай турме, безумоўна, як патрыётка Украіны ўсведамляла, што ідзе на смерць.

„Галадаць супраць фашысцкага рэжыму безсэнсоўна – гэта тое ж самае, што было галадаць супраць Гітлера. Для іх чалавечае жыццё нічога не значыць,” – падкрэслівае Зянон Пазьняк:

 Я добра ведаю псіхалогію гэтых людзей, крымінальную псіхалогію КДБ, бо спатыкаўся з імі не толькі ў літаратуры, але і ў жыцці. Тое, што адбылося такое нахабнае і безцырымоннае забойства ў цэнтры Масквы, пад сценамі Крамля, такога вядомага чалавека, як Барыс Нямцоў, – гэта дэманстрацыя поўнага ігнаравання міжнароднай супольнасці, паказ цынізму і сілы ўлады: што хочам, тое і робім.

Зянон Пазьняк у адмысловым відэа-звароце прапануе кансалідавацца ўсяму чалавецтву супраць «новага фашызму». «Пуцін страшнейшы за Гітлера, бо ў Гітлера не было атамнай бомбы і тэлебачання, а ў Пуціна ёсць», – канстатуе палітык.

[youtube id=”o7X3LBZ2_Co”]

Беларускае Радыё Рацыя

 

[manual_related_posts]