Зянон Пазьняк: Улады хочуць перайсці да фізічнай ліквідацыі пад відам псеўдазаконаў



Госць Рацыі – старшыня Хрысціянска-дэмакратычнай партыі (КХП-БНФ) Зянон Пазьняк. Апазіцыйны палітык распавёў, чаму трэба сур’ёзна ставіцца да расстрэльнага артыкула, а таксама пра тое, чаму Лукашэнка пачаў хваліць украінскую армію.

– Справа ў тым, што краіна знаходзіцца пад унутранай акупацыяй ужо 27 гадоў і з 17 студзеня гэтага года і пад знешняй.

– Вы думаеце, што расейская акупацыя мае нейкае дачыненне да закона аб замаху на акт тэрарызму?

– Безумоўна, яна была ўвесь час, але яна мела ўнутраны сэнс: Расея паставіла свайго стаўленніка Лукашэнку, які выконваў палітыку Масквы. А палітыка Масквы заключалася ў тым, каб падрыхтаваць Беларусь для ўлучэння яе ў Расею без ніякіх праблем – ні сацыяльных, ні нацыянальных, ні юрыдычных. І для гэтага на працягу ўсяго часу знішчалася беларуская мова, беларуская школа, беларуская навука, закрываліся інстытуты, знішчана „Беларуская энцыклапедыя”, цэнтр навукі, знішчаны інстутуты ў Акадэміі навук, ліквідаваны Саюз пісьменнікаў, ліквідаваныя нацыянальныя тэатры, ліквідаваныя свабодныя адвакаты і людзі, і самае важнае – людзі. Таму што трэба тых людзей для Масквы, якія нацыянальную ідэю прадстаўляюць, прадстаўляюць культуру, навуку, іх трэба проста знішчыць – альбо пасадзіць у турму, альбо выгнаць. Такім чынам, частка людзей была проста забіта, частка сядзіць у турме па сённяшні дзень, а частку павыганялі за межы Беларусі. Вось гэта і ёсць палітыка ўнутранага генацыда праз унутраную акупацыю, якую праводзіла Расея. І таму акупацыя ў гэтым годзе, калі ўвялі свае танкі і войскі, атрымалася, як кажуць, для іх вельмі лёгка. Лукашэнку нават не пыталі. І гэтая палітыка працягваецца, працягваецца вынішчэнне рода, вынішчэнне культуры, кожны дзень хапаюць людзей за нішто, кідаюць у турму, прыдумваюць артыкулы на 6-7 гадоў саджаюць, усё гэта мы бачым. А цяпер прыдумалі яшчэ расстрэльны артыкул. Ён супярэчыць юрыспрудэнцыі, ну, тым не менш, ім жа не да законаў. Гэты артыкул, каб пачаць расстрэльныя рэпрэсіі, як я ўжо казаў і пісаў, што найбольш верагодна яны хочуць забіць Аўтуховіча.

– Гэта толькі страшылка, ці мы можам чакаць такіх прысудаў?

– Не, якая гэта страшылка, 27 гадоў людзі жывуць пад акупацыяй, колькі людзей пазабівалі, сотні тысяч людзей выкінулі за межы Беларусі, вы што, якая ж гэта страшылка? Дзясяткі тысяч у турме сядзяць – гэта не страшылка, гэта рэальныя дзеянні па знішчэнні нацыі. Я думаю, што калі працягнецца пуцінская акупацыя, то яны прыступяць да выканання гэтага закона. І будуць расстрэлы, і да гэтага трэба адносіцца абсалютна сур’ёзна. Ва ўладзе бандыты і прытым вар’яты – гэта вельмі небяспечная з’ява. А тое, што для гэтага яны выкарыстоўваюць нелегітымную „палатку”, дык гэта ж не „палатка” прыдумала, гэта ж зразумела, хто прыдумвае, „палатка” выконвае. Гэта сур’ёзнае сведчанне аб тым, што будзе палітыка вынішчэння беларускай нацыі. Яны хочуць перайсці да фізічнай ліквідацыі пад відам псеўдазаконаў.

– Польскія медыя звярнулі ўвагу, што Аляксандр Лукашэнка станоўча выказаўся пра ўкраінскую армію, што яны абараняюцца сапраўды разумна, і не надта станоўча пра расейскае войска, што яны зацягваюць справу.

– Лукашэнка паталагічны хлус, яго хлусня мае паталагічную аснову, гэта звязана з яго псіхічнымі адхіленнямі, таму сур’ёзна абмяркоўваць яго словы ніколі не трэба – ён сёння кажа адно, а заўтра другое. Але аналізаваць тое, а чаму ён пачаў так казаць – можна. Ён пачаў так казаць, таму што бачыць, цалкам верагодна можа так атрымацца, што Пуцін не дасягне сваіх мэтаў і таму яму трэба нешта рабіць. І Лукашэнка паціхеньку пачынае закідваць камушкі наперад – і пра Украіну, і паслаў Макея у Брусэль ліст пісаць, каб тут наладзіць адносіны і кончыцца гэта, а я не сумняваюся, што Пуціну будзе канец, але калі Пуціну будзе канец, мы пачуем словы Лукашэнкі, якія ёсць у меме пра яго „Вы пасматрыце на гэту скаціну” – гэта дакладна будзе. Тады апынецца, што ён таксама ўсё разумеў, супраць Пуціна змагаўся, ён за Украіну і гэтак далей. Гэта такая паталогія бандыта, жуліка. Таму вось тое, што ён пачаў так сябе паводзіць – прыкмета таго, што ён шукае нару, куды можна будзе схавацца, ён бачыць, што сітуацыя паварочваецца для Расеі дрэнна і ў яго пачынаюцца такія паводзіны. Гэта першыя кветачкі.

Цалкам паслухаць размову з Зянонам Пазьняком можна ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]