11 тур: перамога „Нёмана”, параза БАТЭ



Тры матчы нацыянальнага футбольнага чэмпіянату прайшлі ў Беларусі ў суботу. Гарадзенскі „Нёман” упэўнена па гульні і ліку ў гасцях адолеў іншы „рачны” клуб – магілёўскі „Дняпро” – 3:1. Галамі ў гасцей вызначыліся Павел Савіцкі з пенальці, Ягор Зубовіч і Іван Садаўнічы. „Нёман” зараз на 7-ым месцы ў чэмпіянаце.

Барысаўскі БАТЭ быў фаварытам сустрэчы з „Іслаччу”, але нечакана саступіў на сваёй арэне – 0:1. Адзіны забіты мяч у сустрэчы на рахунку легіянера „Іслачы” – Даніэля Сосы – з пенальці на 8-й хвіліне. Такім чынам у БАТЭ засталося 23 ачкі і ён не змог дагнаць лідара – менскі „Энергетык”, у якога 25 пунктаў (але на матч больш).

Не спраўдзілі надзей сваіх заўзятараў і менскія дынамаўцы – яны гулялі дома са „Слуцкам” і змаглі дамагчыся толькі нічыёй – 1:1. На 21-й хвіліне лік адкрыў форвард гаспадароў Уладзіслаў Ложкін, а на 43-й Дзмітрый Гірс параўняў лічбы на табло. З 22 ачкамі менскае „Дынама” на трэцім месцы ў турнірнай табліцы. Дадамо, што гэта быў дзень, калі бела-блакітныя святкавалі 95-ыя ўгодкі заснавання свайго клуба.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]