25 гадоў таму Беларусь дэбютавала на зімовых Алімпійскіх гульнях



Чвэрць стагоддзя таму ў нарвежскім Лілехамэры Рэспубліка Беларусь дэбютавала на зімовых алімпійскіх гульнях як суверэнная дзяржава.

Гэта была сямнаццатая ў гісторыі свету “белая” алімпіяда. Да гэтага беларусы толькі эпізадычна ўдзельнічалі ў зімовых алімпіядах у складзе зборных Савецкага саюзу.

Першапраходцам стаў канькабежац Эдуард Матусевіч – на алімпіядзе 1964 года ў аўстрыйскім Інсбруку ён заняў 6-е месца. Праз чатыры гады ў Граноблі (Францыя) Матусевіч быў восьмым.

Першы “беларускі” медаль, бронзавы, выйграў на алімпійскіх гульнях 1988 года ў Калгары (Канада) канькабежац Ігар Жалязоўскі – ён заняў трэцяе месца на дыстанцыі 1000 метраў. На форуме 1992 года ў французскім Альбэрвілі Яўген Рэдзькін, які прадстаўляў Беларусь, здабыў першае золата – за перамогу ў біятлоннай гонцы на дыстанцыі 20 кіламетраў. Іншы біятланіст, Аляксандр Папоў, стаў сярэбраным прызёрам у складзе каманды СССР у эстафеце.

Адкрыццё алімпіяды ў Лілехамэры адбылося 12 лютага, а ўжо на наступны дзень спартоўцы выйшлі на старт. Беларусь упершыню ў гісторыі выступала самастойнай камандай, а таксама ўпершыню (і, на жаль, пакуль адзіны раз) пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сцягам. Беларусь на тых гульнях прадстаўлялі ажно 32 спартоўцы: 10 біятланістаў, 9 лыжнікаў (!), 5 фігурыстаў (!), 4 фрыстайлісты, 2 канькабежцы, і па адным спартоўцу ў лыжным двухбор’і і скачках на лыжах з трампліна. Да алімпіяды Белпошта выпусціла адмысловую марку.

18 лютага 1994 года канькабежац Ігар Жалязоўскі выйграў серабро на сваёй кароннай дыстанцыі 1000 метраў – гэта быў якраз першы алімпійскі медаль у суверэннай гісторыі Беларусі. Чэмпіёнам у тым спаборы стаў амерыканец Даніэль Янсэн. Кар’ера нараджэнца Оршы Ігара Жалязоўскага была дастаткова яркай. Ажно пяць разоў ён станавіўся чэмпіёнам свету (1985, 1986, 1989, 1991 і 1993 гады), двойчы ( у 1992 і 1993 гадах) выйграваў Кубак свету ў спрынтарскім шматбор’і.

Пасля таго ж, як Жалязоўскі закончыў кар’еру, у айчынных мужчынскіх каньках суцэльная пустка.

23 лютага 1994 года біятланістка Святлана Парамыгіна выйграла сярэбраны медаль у спрынтарскай гонцы на 7,5 кіламетраў. Апярэдзіць Парамыгіну здолела толькі прадстаўніца Канады Мірыам Бедар, якая паказала вынік лепшы ўсяго на 1,1 секунды. Бронзавай прызёркай тады стала ўкраінка Валянціна Цэрбе. Дадам, што гэта быў першы ў гісторыі “суверэнны” медаль для Украіны.

Біятлонная кар’ера Парамыгінай была вельмі паспяховай. Акрамя поспеху ў Нарвегіі на алімпіядзе, яна ў тым жа 1994 годзе выйграла Кубак свету ў агульным заліку. Таксама тройчы на розных дыстанцыях (у 1990, 1991, 1994 гады) станавілася чэмпіёнкай свету. А пасля завяршэння кар’еры паспяхова працавала як газетная і тэле- журналістка.

У выніку па колькасці і вартасці медалёў Беларусь у Нарвегіі заняла ў неафіцыйным камандавым заліку 15-е месца з 67 краін-удзельнікаў. Гэта было дастаткова значным дасягненнем для зборнай, якая дэбютавала на белых алімпіядах. Пасля былі новыя беларускія чэмпіёны і прызёры ў японскім Нагана, амерыканскім Солт-Лэйк-Сіці, італійскім Турыне, канадскім Ванкуверы, расейскім Сочы, карэйскім Пхенчхане. Але Лілехамэр-1994 стаў сапраўдным суверэнным пачаткам і пунктам адліку.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя