4-ы год запар у Лідзе праходзіць рэгулярны чэмпіянат па міні-футболе ЛМФЛ



4-ы год запар у Лідзе праходзіць чэмпіянат у Лідскай міні-футбольнай лізе (ЛМФЛ). Аматарскія каманды разыгрываюць між сабою чэмпіёнства ў рэгулярным турніры па сістэме восень-вясна.

Заявіцца ў чэмпіянат могуць як каманды прадпрыемстваў і арганізацыяў, так і звычайныя сяброўскія футбольныя калектывы. Найбольш моцныя з іх нават пасля ўдзельнічаюць у турнірах рэспубліканскага і абласнога ўзроўню. Лідская міні-футбольная ліга ўзнікла дзякуючы моцным футбольным традыцыям у Лідзе, зазначае адзін з яе арганізатараў Яўген Арэхва.

– У Лідзе ёсць прафесійная каманда, якая сваімі дасягненнямі натхняе шараговых аматараў займацца спортам. У нас два добрыя залы і час распісаны так, што няма вольных месцаў. Людзі актыўна займаюцца міні-футболам, аднак праблема ў тым, што яны ўвесь час гуляюць паміж сабой, таму цікавасць да такіх гульняў знікае. Людзі самі прапаноўвалі арганізаваць які-небудзь турнір, каб можна было паспабарнічаць у больш шырокім коле камандаў. І мы прынялі такое рашэнне: зрабіць адмысловую лігу, якая б аб’ядноўвала аматарскія каманды.

Фінал сезона 2017/2018

Пераможцам трох папярэдніх розыгрышаў Лідскай міні-футбольнай лігі была каманда “Фартуна”, яка выступае зараз пад назваю “Белнафтапрадукт”.

Сёлета турнір упершыню выйшаў на міжраённы ўзровень. У ім удзельнічае адзінаццаць камандаў з Ліды, а таксама па камандзе з Бярозаўкі і Воранава.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя