4-я параза беларусаў са старту кваліфікацыі да Еўра 2020



Чацвёртая параза беларусаў са старту кваліфікацыі да Еўра 2020

Зборная Беларусі па футболе прайграла на хатняй арэне Паўночнай Ірляндыі ў рамках кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату Еўропы.

Матч праходзіў у роўнай барацьбе, абедзве каманды выдавалі яркія адрэзкі, але ў цэлым гульня не мела шмат вострых момантаў.

На жаль, як і ў першай гульні гэтых каманд, апошнія хвіліны лепш атрымаліся ў паўночнаірляндцаў. Пры шумнай падтрымцы сваіх заўзятараў яны паляцелі наперад, правялі некалькі добрых нападаў і ўсё-ткі дамагліся свайго на 86-й хвіліне. Макнэйр увайшоў у штрафную з левага флангу, абыграў Івана Маеўскага і з вострага кута прабіў міма Аляксандра Гутара – 0: 1. У другім матчы дня ў нашай групе Нямеччына знішчыла эстонцаў – 8: 0. Паўночнаірландцы, выйграўшы па два матчы ў Беларусі і Эстоніі, набралі 12 ачкоў. У Нямеччыны дзевяць балаў, у Нідэрландаў тры ачкі пасля двух сустрэч. Эстонія і Беларусь прайгралі ўсе свае матчы. Чатыры паразы з самага пачатку – горшы старт у гісторыі нашай каманды ў кваліфікацыях топ-турніраў. Наступны матч Беларусь правядзе шостага верасня ў Эстоніі.

Украінцы ў фінале моладзевага ЧС у Польшчы згуляюць з Паўднёвай Карэяй

Зборная Украіны прабілася ў фінал моладзевага чэмпіянату свету, які праходзіць у Польшчы. У матчы паўфіналу ўкраінцы нанеслі паразу аднагодкам з Італіі-1: 0. Адзіны гол на 65-й хвіліне на рахунку хаўбека кіеўскага „Дынама” Сяргея Булецы. Украінцы завяршалі сустрэчу ўдзесяцёх пасля выдалення Дзяніса Папова на 80-й хвіліне. У другім паўфінале эквадорцы таксама з лікам 0:1 прайгралі камандзе Паўднёвай Карэі.

Дубіцкая выйграла бронзу на турнірны ў Фінляндыі

Алёна Дубіцкая заваявала бронзавы медаль у штурханні ядра на міжнародным турніры Paavo Nurmi Games ў фінскім Турку. У шостай заключнай спробе беларуска адправіла снарад на 18 метраў 48 сантыметраў. Гэты вынік дазволіў Алёне абыйсці прадстаўніцу ЗША Монік Рыддзік. Перамагла амерыканка Чэйз Ілей, якая ўжо ў трэцяй спробе выйшла ў лідары – 19 метраў 38 сантыметраў.

Батэрфляем і брасам – Шкурдай і Шымановіч выйгралі золата ў Монтэ-Карла

Беларускія плыўцы заваявалі сем узнагарод на першым этапе серыі турніраў „Марэ Нострум” у Монтэ-Карла. Найбольшага поспеху дамаглася Анастасія Шкурдай, перамогшы батэрфляем на дыстанцыях 50 метраў з вынікам 26,06 секунды і на стометроўцы – вынік 57,78 секунды. Ілля Шымановіч заняў першае месца на дыстанцыі 100 м брасам з вынікам 59,43 секунды і выйграў срэбраны медаль у вырашальным заплыве на 50 метраў брасам 27,00 секунд. Яўген Цуркін размясціўся на трэцім радку выніковага пратакола па выніках заплыву на стометроўцы батэрфляем. Аліне Змушко ўдалося двойчы заваяваць бронзавыя ўзнагароды на дыстанцыях 50 і 100 метраў брасам. Як адзначылі ў Беларускай федэрацыі плавання, для плыўцоў удзел у турніры ў Монтэ-Карла стаў кантрольным перад чэмпіянатам свету, які з 12 па 28 ліпеня прыме карэйскі Кванджу.

Уладальніка Кубка Салея вызначаць у Воршы

Вырашальная стадыя розыгрышу Кубка Беларусі па хакеі адбудзецца ў Воршы. „Фінал чатырох” Кубка Салея, як яшчэ называюць гэты турнір, пройдзе ў Лядовым палацы 17 і 18 жніўня. Каманды будуць разбітыя на дзве падгрупы, пераможцы якіх адправяцца ў Воршу. За ганаровы трафей пазмагаюцца таксама менскія „Дынама” і „Юнацтва”, якія атрымалі пропуск у „Фінал чатырох” аўтаматычна. Дзеючым уладальнікам Кубка Салея з’яўляецца гарадзенскі „Нёман”. Хакеісты менскага „Дынама”, якія пасля доўгага перапынку зноў згуляюць у Кубку Беларусі, апошні раз выйгравалі гэты трафей у 2006 годзе.

Біятланісты заробяць больш грошай

Міжнародны саюз біятланістаў павялічыць суму прызавых для атлетаў на этапах Кубка свету і чэмпіянатах свету. Пра гэта статак вядома па выніках пасяджэння выканаўчага камітэта IBU у Франкфурце. Агульная сума прызавых вырасце больш чым на 400 тысяч еўра (ці на 10%) з сезона-2020/2021. Дваццаць лепшых біятланістаў па выніках гонак (акрамя эстафет) могуць разлічваць на ўзнагароды. Зборная Беларусі працягвае падрыхтоўку да сезона, які адкрыецца для яе летнім чэмпіянатам свету ў спарткомплексе „Раўбічы” у жніўні.

Месі – самы багаты па версіі Forbes

Амерыканскі часопіс Forbes апублікаваў штогадовы рэйтынг самых высокааплатных спартоўцаў. Гэтым разам першы радок спісу заняў футбаліст „Барселоны” і зборнай Аргенціны Ліянэль Месі. Агульны даход аргентынца склаў 127 мільёнаў даляраў, з гэтай сумы 92 мільёны – заробак і прызавыя. Каля 35 мільёнаў прынеслі бамбардзіру „Барселоны” рэкламныя кантракты з Adidas, MasterCard, PepsiCo і іншымі кампаніямі. Упершыню за гісторыю рэйтынгу Forbes топ-3 склалі выключна футбалісты: следам за Месі ў спісе размясціліся Раналду з 109 мільёнаў даходу і Неймар – 105.

Беларускае Радыё Рацыя