6 залатых медалёў выйгралі беларусы на ЧС па веславанні



Беларускія спартоўцы заваявалі 14 узнагарод на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў вугорскім Сегедзе і разам са зборнай Нямеччыны сталі лепшымі ў агульнакамандным медальным заліку. У скарбонцы каманды Уладзіміра Шантаровіча 6 залатых медалёў. Двойчы на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўздымаўся экіпаж жаночай байдаркі-двойкі Марына Літвінчук / Вольга Худзенка (200 і 500 м). Таксама чэмпіёнамі планеты сталі Алена Ноздрава (каноэ-адзіночка, 500 м), Вольга Клімава (каноэ-адзіночка, 5000 м), Алег Юрэня (байдарка-адзіночка, 5000 м) і экіпаж мужчынскай байдаркі-двойкі Станіслаў Дайнэка / Зміцер Натынчык на дыстанцыі паўкіламетра.

Валейбалісткі зборнай Беларусі пацярпелі другую паразу на папярэднім этапе чэмпіянату Еўропы.

У паядынку другога тура групы D у славацкай Браціславе падначаленыя Пятра Хілько саступілі камандзе Іспаніі з лікам 1:3. У стартавым матчы беларускія валейбалісткі прайгралі расейкам з „сухім” лікам 0:3. Сёння беларускі будуць супернічаць са славачкамі, у актыве якіх дзве вікторыі з аднолькавым лікам 3:0 – над Іспаніяй і Швейцарыяй.

Беларуская бар’ерыстка Аліна Талай выканала нарматыў для ўдзелу ў Алімпіядзе-2020 у Токіа на дыстанцыі 100 метраў з бар’ерамі.

Наша суайчынніца стала другой на турніры ў Бруселі, пераадолеўшы дыстанцыю за 12,84 секунды. Талай саступіла тры сотых толькі Надзін Вісэр з Нідэрландаў. Гэты старт стаў для Аліны першым у гэтым летнім сезоне, спартоўка доўга аднаўлялася пасля траўмы. Раней алімпійскі нарматыў на гэтай дыстанцыі выканала Эльвіра Герман.

Шамшурын пабіў рэкорд Цуркіна

На юніёрскім чэмпіянаце свету па плаванні Іван Шамшурын на дыстанцыі 200 метраў батэрфляем пабіў нацыянальны рэкорд Беларусі 5-гадовай даўніны. 18-гадовы беларус праплыў дыстанцыю за 2 хвіліны 00,10 секунды. З гэтым вынікам Шамшурын заняў выніковае 15-е месца. Ранейшы рэкорд Беларусі належаў Яўгену Цуркіну і быў усталяваны ў 2014 годзе – 2 хвіліны 00,17 секунды.

„Юнацтва” перамагло „Нёман” у стартавым матчы чэмпіянату Беларусі па хакею.

Лік сустрэчы – 2:0 на карысць гаспадароў пляцоўкі. Закінутымі шайбамі адзначыліся Максім Парфеявец і Станіслаў Лапачук.

«Зубры» прайгралі 9-ы матч запар у перадсезонцы

Галоўны трэнер «Дынама-Менск» Крэйг Вудкрафт даў каментар пасля заключнага матчу Кубка чыгункі супраць «Лакаматыва», прайграны з лікам 3:5. У гэтым турніры каманда прайграла ўсе сустрэчы, а ў цэлым у перадсезонцы гэта была 9-е параза запар. Расчараваны вынікам гульні, але спадабалася тое, як гулялі супраць такога майстравітага суперніка. Магчыма, гэта была наша лепшая гульня ў перадсезонцы, – адзначыў Вудкрафт.

Захараў не выключыў натуралізацыі замежнікаў

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў не выключае натуралізацыі замежных хакеістаў для беларускай зборнай да чэмпіянату свету ў Менску ў 2021 годзе. Пра гэта ён паведаміў у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”. „Калі будуць гульцы годныя, чаму не?”, – сказаў Міхаіл Захараў, адказваючы на пытанне аб тым, ці магчымая натуралізацыя гульцоў да чэмпіянату свету. Галоўны трэнер зборнай лічыць, што „на дадзены момант гэта нават трэба зрабіць”. Больш за ўсё хвалюе брамавая пазіцыя. „Трэці быццам бы ёсць, першага, другога брамніка мы не бачым”, – адзначыў Міхаіл Захараў.

БГК – другі на хатнім Кубку Белгазпрамбанка

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова прайграў французскаму „Німу” і заняў другое месца ў розыгрышы Кубка Белгазпрамбанка. У вырашальным паядынку за галоўны прыз берасцейцы выйгралі першы тайм з мінімальнай перавагай — 14:13. Пасля перапынку госці дзейнічалі значна лепш і ў выніку перамаглі з лікам 28:23.

БАТЭ ўчыніў разгром «Славіі»

Футбалісты барысаўскага БАТЭ разграмілі мазырскую „Славію” у хатнім матчы 19-га тура чэмпіянату Беларусі. Героем сустрэчы на поле „Барысаў-Арэны” стаў сербскі нападнік гаспадароў Боян Дубайіч, які адкрыў лік на 36-й хвіліне, а ў пачатку другога тайма вызначыўся яшчэ двойчы, аформіўшы хет-трык. Кропку ў матчы на 69-й хвіліне паставіў абаронца барысаўчан Захар Волкаў – 4:0. Яшчэ адзін прэтэндэнт на месца ў прызавой тройцы салігорскі „Шахцёр” у сябе дома перайграў „Гомель” – 3:1. У астатніх матчах 19-га тура: „Віцебск” і „Нёман” згулялі ўнічыю – 0:0, берасцейскае „Дынама” разграміл „Энергетык-БДУ” – 6:2, „Іслач” саступіла „Слуцку” – 0:1, „Дняпро” (Магілёў) абыграў „Менск” – 1:0, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) і „Гарадзея” разышліся мірам – 1:1, „Дынама” (Менск) прысуджана тэхнічая перамога над сталічным „Тарпеда” – 3:0, якое знялося з чэмпіяната.

„Барселона” разграміла „Беціс” у хатнім матчы 2-га тура чэмпіянату Іспаніі – 5:2. Дубль аформіў форвард „сіне-гранатавых” Антуан Грызман. „ПСЖ” упэўнена перамог „Тулузу” у хатнім матчы 3-га тура чэмпіянату Францыі – 4:0. Максім Шупо-Мацін аформіў дубль.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя