8 медалёў барцоў Беларусі ў Польшчы



У польскім мястэчку Даброва-Гурніца прайшлі два прадстаўнічыя турніры, паведамілі ў Беларускай федэрацыі барацьбы. На 27-м міжнародным турніры па вольнай барацьбе памяці Вацлава Цялкоўскага ўдзельнічалі 13 барцоў з Беларусі, а на жаночым 23-м турніры „Poland Open” змагаліся 8 нашых дзяўчат.

Бронзу выйграў Уладзіслаў Андрэеў. Азамат Нурыкаў у паядынку за першае месца з расейцам Сасланам Рамонавым саступіў – 1:6 і задаволіўся срэбрам. Расул Ціхаеў у паядынку за бронзу тушыраваў славака Якуба Скіранка. Іван Янкоўскі ў сутычцы за 3-месца ўпэўнена абыграў паляка Каміла Саскевіча – 5:0. Юсуп Джаліль выйграў бронзу ў паядынку з туркам Фаціхам Ясары – 3:1.

Аляксей Нікалаеў змагаўся за трэцяе месца з прадстаўніком Туніса Слімам Трабелсі і перамог яго на тушэ. У спаборніцтвах жанчын Марыя Мамашук выйграла бронзу ў расейкі Юліі Пранцэвіч на тушэ. Васіліса Марзалюк у фінале супраць расіянкі Кацярыны Букінай ва ўпартай барацьбе саступіла – 3:4 і стала сярэбранай прызёркай.

Беларускае Радыё Рацыя