80 гадоў таму памёр асілак Якуба Чэхаўскі



У самым канцы 1879 года на свет у Гародні з’явіўся ўнікальны чалавек – Якуба Чэхаўскі. У літаратуры яго імя і прозвішча пішуць па-рознаму – Якаў, Якуб, Якуба, Чэхаўскі, Чэхаўской. Паходзіў ён з сям’і прысяжнага паверанага, які жыў у Гародні на вуліцы Саборнай (цяперашняя вуліца Савецкая, дом №1). 

Спартовец-легенда, выдатны атлет і барацьбіт, чалавек неверагоднай сілы, на выступы якога прыходзілі натоўпы людзей у Вільні, Менску, Пецярбургу, Варшаве, іншых гарадах Еўропы, нарадзіўся 30 снежня 1989 года.

Якуб Чэхаўскі скончыў гарадзенскую мужчынскую гімназію і служыў у гарадзенскім гусарскім палку, дзе ўжо захапляў усіх сваім магчымасцямі, падымаючы каня вагой 400 кіль. Характэрна, што гэты полк ні ў Гародні, ні ў яе ваколіцах не размяшчаўся, а меў такую назву ў гонар вайны 1812 года. На арэну Чэхаўскі выйшаў яшчэ ў час службы ў Варшаве ў цырку Аляксандра Чынізэлі. Выйшаў інкогніта, перамогшы тагачаснага мясцовага чэмпіёна.

Пасля службы выступаў баксёрам у тагачаснай Расеі, а затым цыркавым байцом у Персіі, Італіі, Прусіі і Аўстра-Венгрыі. Першая сенсацыя, звязаная з Якубам Чэхаўскім, датуецца 1913 годам. Тады гарадзенец выступаў у Петраградзе на цяжкаатлетычных спаборніцтвах, дзе нечакана выканаў незвычайны фокус – падняў шэсць салдатаў гвардзейскага палку на адной (!) руцэ і пераходзіў па коле. За гэты нумар, які рэгулярна паўтараў у сваіх выступах, ён атрымаў узнагароду, залаты пас. У тым жа 1913 годзе Чэхаўскі шмат вандраваў і выступаў – у грузінскім Тыфлісе, закаспійскім краі, італійскім Мілане, Аўстра-Венгрыі, Румыніі, Францыі. Італійцы называлі яго “рускім Бацісціні” у гонар знакамітага атлета. Чэхаўскі пальцамі скручваў медныя манеты сольда і раздаваў як сувеніры.

Неверагодныя нумары, якія выконваў Чэхаўскі выглядалі так: робячы „мост” атлет трымаў на сабе дзесяць (!) чалавек, або на ягоныя грудзі накладалі памост, на які станавіўся аркестр з 30 музыкаў, ці на плечы Чэхаўскага клалі двутаўровую сталёвую бэльку і 40 чалавек, вісячы, згіналі яе да зямлі. Таксама казалі, што праз ягоныя грудзі праязджалі 3 грузавыя машыны з публікай – 20 чалавек. Ростам Чэхаўскі быў сярэдні чалавек – 1 метр 80 сантыметраў, аднак важыў 125 кілаграмаў. Ягоным дэвізам было выслоўе “Кожны чалавек можа і павінен быць моцным”. Варта таксама ўзгадаць, што Чэхаўскі быў адукаваным чалавекам і акрамя фізічнай працы цікавіўся музыкай і малюнкам, а ў ягонай бібліятэцы налічвалася 2000 тамоў.

Афіша таго часу

Пасля выступаў у Парыжы Чэхаўскі прывёз сабе машыну маркі “опель”, пасля чаго стаў заядлым аўтамабілістам. Сябры жартавалі: “Калі аўтамабіль сапсуецца, то Якуба нясе яго дадому на руках”. З’явіўся нават адпаведны сяброўскі шарж.

З 1918 года гарадзенец узначальваў Усерасейскі звяз барцоў-атлетаў. У пачатку 1920 года кіраваў фізічнай рыхтоўляй байцоў Петраградскай ваеннай акругі.

Чэхаўскі з групай іншых барцоў

Летам 1937 года Чэхаўскі выступаў на менскім стадыёне “Дынама”. Большая частка яго жыцця прайшла ў Пецярбургу. Там ён жыў, выступаў, працаваў пэўны час загадчыкам ігральных клубаў. У Гародні бываць даводзілася надзвычай рэдка, хоць у іншых беларускіх гарадах Чэхаўскі выступаў часцей. Меў сям’ю – жонку Кацярыну і двух сыноў – Данііла і Якава.

Сям’я Якубы Чэхаўскога

Перад смерцю хварэў на сэрца, памёр у веку 61 года. Здарылася гэта 31 ліпеня 1941 года. Нягледзячы на ваенны час, народу на пахаванне прыйшло досыць шмат людзей.

Пахаваны на Серафімоўскіх могілках у Новай вёсцы пад Пецярбургам. Вялікі архіў Чэхаўскага не захаваўся, ён згінуў у час ленінградскай блакады. У Гародні ў гісторыка-археалагічным музеі атлету прысвечаны асобны стэнд. Памятнай шыльды ў гонар знакамітага атлета ў горадзе над Нёманам няма. У 1979 годзе на 100-ыя ўгодкі на магіле ў Пецярбургу быў устаноўлены помнік, на якім літары высечаны шрыфтам, якім пісаліся афішы і рэкламныя плакаты часу выступаў атлета.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя