АБФФ адмовілася разглядаць заяву „Крумкачоў” на выдачу ліцэнзіі ў вышэйшую лігу



Асацыяцыяй „Беларуская федэрацыя футбола” адмоўлена ў разглядзе заявы на выдачу ліцэнзіі АБФФ „Вышэйшая ліга” футбольнаму клубу „Крумкачы”. Такая інфармацыя апублікавана ў афіцыйнай заяве на сайце АБФФ.

ФК „Крумкачы” ўжо трэці раз з’яўляецца саіскальнікам ліцэнзіі АБФФ „Вышэйшая ліга”. „У ходзе папярэдніх сезонаў АБФФ неаднаразова ішла на ўступкі і ўсяляк падтрымлівала маладую каманду. На жаль, гэтыя крокі не пасадзейнічалі развіццю, а наадварот прывялі да пагаршэння стану спраў у клубе”, – гаворыцца ў афіцыйнай заяве федэрацыі.

Таксама падкрэсліваецца, што ў бягучым годзе сітуацыя дасягнула крытычнай кропкі. Нягледзячы на спробы паказаць дадатную дынаміку пагашэння запазычанасцей у СМІ, сумарны доўг футбольнага клуба складае каля Br600 тыс.

У камітэт па клубным ліцэнзаванні АБФФ да гэтага часу не прадастаўлены поўны пакет дакументаў, неабходных для атрымання ліцэнзіі. „Такое непрадастаўленне дакументаў і фактычны зрыў працэсу ліцэнзавання з’яўляецца беспрэцэдэнтным, – адзначаецца ў заяве. – У папярэднія гады такіх парушэнняў не было ні ў аднаго клуба саіскальніка ліцэнзіі АБФФ „Вышэйшая ліга”. Такім чынам, было прынята рашэнне не прымаць да разгляду заяву ФК „Крумкачы” на выдачу такой ліцэнзіі.

У АБФФ нагадалі, што па выніках пасяджэння Камітэта па статусе і пераходах футбалістаў ад 2 лютага 2018 года на ФК „Крумкачы” была накладзена забарона на рэгістрацыю новых футбалістаў. Заявы аб запазычанасці па зарплаце напісалі 12 футбалістаў і прадстаўнікоў трэнерскага штаба. Камітэт прадаставіў час на пагашэнне запазычанасцей да 21 лютага. На гэты момант заявы анулявалі толькі шэсць чалавек з 12. Да гэтага часу застаюцца даўгі перад былым галоўным трэнерам Уладзімірам Пяценкам. Акрамя таго, на мінулым тыдні паступілі заявы яшчэ ад аднаго прадстаўніка трэнерскага штаба і трох футбалістаў клуба, уключаючы Арцёма Чалядзінскага.

Вышэйшая ліга футбольнага чэмпіянату Беларусі налічвае 16 каманд. У сувязі з існуючай сітуацыяй застаецца пад пытаннем, хто стане 16-м удзельнікам будучага сезона.

Тым не менш, сёння ў сталічным Доме футбола адбылася жараб’ёўка чэмпіянату краіны ў вышэйшай лізе. У першым туры, матчы якога пройдуць 30-31 сакавіка і 1 красавіка, сустрэнуцца: „Дынама-Мінск” – „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна), „Іслач” (Менскі раён) – 16-я каманда; „Гарадзея” – „Днепр” (Магілёў), „Гомель” – „Слуцк”, „Нёман” (Гародня) – „Віцебск”, „Шахцёр” (Салігорск) – „Дынама-Брэст”, „Прамень” (Менск) – ФК „Мінск”, БАТЭ (Барысаў) – „Смалявічы”.

Афіша матчаў другога тура (6-8 красавіка) выглядае так:

„Тарпеда-БелАЗ” – „Смалявічы”,

ФК „Мінск” – БАТЭ,

„Дынама-Брэст” – „Прамень”,

„Віцебск” – „Шахцёр”,

„Слуцк” – „Нёман”,

„Днепр” – „Гомель,

16-я каманда – „Гарадзея”,

„Дынама-Мінск” – „Іслач”.

belta.by