Адразу дзве беларускі выйшлі ў чвэрцьфінал Кубку Крамля!
Адразу дзве беларускі выйшлі ў чвэрцьфінал тэніснага Кубку Крамля. Прычым перамаглі яны больш рэйтынгавых суперніц.
Асабліва важкім дасягненнем ёсць перамога Аляксандры Сасновіч (100-ы нумар рэйтынгу). Яна адолела пасеяную пад першым нумарам на турніры прадстаўніцу Францыі Крысціну Младэнавіч (13-я ракетка свету). Сасновіч перамагла ў трох сетах – 6:2, 2:6, 6:2.
Добрых слоў заслугоўвае і Вера Лапко (167-ы нумар ВТА). Яна сустракалася з прадстаўніцай Аўстраліі Дар’яй Гаўрылавай (22-і нумар ВТА). Пры ліку 6:3, 3:1 на карысць беларускі, Гаўрылава не змагла прадоўжыць сустрэчу і прызнала сваю паразу.
У чвэрцьфінале Аляксандра Сасновіч сустрэнецца з расейкай Дар’яй Касаткінай (28-я ракетка), а Вера Лапко – з румынкай Ірынай Бегу (56-я ракетка).
Беларускае Радыё Рацыя
