„Айнтрахт” перамог «Барселону» і выйшаў у паўфінал Лігі Еўропы



Следам за футбольнай Лігай чэмпіёнаў удзельнікі паўфінальнай стадыі вызначыліся ў Лізе Еўропы і Лізе канферэнцый. На стадыёне „Камп Ноў” „Барселона” прымала „Айнтрахт”. Госці святкавалі перамогу – 3:2.
Лік быў адкрыты ў пачатку першага тайма. На 4-й хвіліне паўабаронца нямецкай каманды Філіп Косціч рэалізаваў пенальці ў браму гаспадароў. На 37-й хвіліне перавагу «Айнтрахта» падвоіў нападнік Рафаэль Барэ.
На 67-й хвіліне Косціч аформіў дубль, давёўшы лік да разгромнага. У дададзены да другога тайма час адзін мяч адыграў паўабаронца „Барсы” Серхіа Бускетс. Праз 10 хвілін пенальці ў браму „Айнтрахта” рэалізаваў форвард „Барсы” Мэмфіс Дэпай. У першым матчы „Айнтрахт” і „Барселона” згулялі ўнічыю – 1:1. Такім чынам, па суме двух матчаў у паўфінал турніру выйшла нямецкая каманда, якая згуляе з «Вест Хэм Юнайтэд», які выйграў у гасцях у французскага „Ліёна” 3:0. Першы матч завяршыўся ўнічыю 1:1.

Яшчэ адным паўфіналістам стаў нямецкі „Ляйпцыг”, які перамог ў Бергама італьянскую „Аталанту” 2:0. Абодва мячы забіў Крыстафер Нкунку. У першай гульні, якая адбылася 7 красавіка ў Ляйпцыгу, была зафіксавана нічыя – 1:1. Супернікам прадстаўнікоў бундэслігі ў барацьбе за выхад у фінал будзе пераможца чвэрцьфінальных матчаў паміж партугальскай „Брагой” і шатландскім „Глазга Рэйнджэрс”. Тыдзень таму ў іх першым паядынку партугальская каманда выйграла ў сябе дома з лікам 1:0. Напярэдадні супернікі сустракаліся ў Глазга і „Рэйнджэрс” у дадатковы час перамог 3:1.
У трэцім па рангу кантынентальным турніры – Лізе канферэнцый – у 1/2 фіналу сустрэнуцца: ангельскі „Лестэр” і італьянская „Рома”, нідэрландскі „Феенорд” пазмагаецца з французскім „Марсэлем”. Першыя паўфінальныя гульні таксама пройдуць 28 красавіка.

Аляксандр Сачыўка вярнуўся ў менскае „Дынама”

Беларускі абаронца Аляксандр Сачыўка (1986) падпісаў кантракт з менскім „Дынамам”. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба. Апошнія чатыры сезоны Сачыўка правёў у „Шахцёры”. У вышэйшай лізе-2021 ён згуляў 19 матчаў, забіў тры мячы і аддаў дзве выніковыя перадачы. Аляксандр ужо выступаў за менскае „Дынама” ў 2017-2018 гадах.

Валейбалісткі „Мінчанкі” перамаглі магілёўскі „Камунальнік-МДУ”

Валейбалісткі „Мінчанкі” другі раз абыгралі магілёўскі „Камунальнік-МДУ” ў паўфінальнай серыі жаночага чэмпіянату Беларусі. На пляцоўцы сталічнага спарткомплексу „Уручча” дзейныя чэмпіёнкі краіны зноў не дазволілі суперніцам выйграць хаця б адну партыю, перамогшы з сухім лікам 3:0. У першай сустрэчы падначаленыя Станіслава Салікава выйгралі з такім жа лікам. Трэці паядынак паўфінальнай серыі адбудзецца 17 красавіка ў Магілёве.
У другім паўфінале берасцейскаму „Прыбужжу”, гэтак жа, як і сталічнай камандзе, засталася адна перамога над мазырскім клубам „Жамчужына Палесся”. У гасцях берасцейкі двойчы выйгралі 3:1. Іх наступная сустрэча адбудзецца заўтра ў Берасці.
У мужчын у разгары медальныя баталіі. У серыі за золата валейбалісты салігорскага „Шахцёра” двойчы ва ўпартай барацьбе абыгралі на тай-брэйках мінскі „Будаўнік” – 3:2. Трэці паядынак адбудзецца ў суботу. У барацьбе за бронзу валейбалісты гомельскай „Энергіі” два разы перамаглі на выездзе абухаўскі „Легіён” – 3:0 і 3:2. Наступны матчу супернікі правядуць у Гомелі.

Ягор Шаранговіч зарабіў „-1” у матчы, у якім „Нью-Джэрсі” прайграў „Каларада”

У рамках рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе саступіў „Каларада” з лікам 1:3. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч выйшаў у першым звяне з Ніка Хішырам і Фабіянам Зетэрлундам.
Шаранговіч правёў на лёдзе 19 хвілін 5 секунд, нанёс 5 кідкоў (2 з іх міма), здзейсніў 1 перахоп і дапусціў 1 страту, зарабіў „-1” і прайграў адно ўкідванне. У актыве нападніка 43 (22+21) балы ў 68 матчах.

Беларускае Радыё Рацыя