Алдаір Адылаў і Віктар Дыяс пакінулі „Энергетык”- БДУ



Два замежныя футбалісты пакінулі „Энергетык”- БДУ. Адзін з іх – 18-гадовы казахстанец Алдаір Адылаў, які прыйшоў у каманду ў верасні мінулага года і выступаў у дублюючым складзе. Другі – 20-гадовы бразілец Віктар Дыяс, які правёў за „Энергетык”- БДУ два папярэднія сезоны. За гэты час ён згуляў дзевяць матчаў у вышэйшай лізе.

Лідзія Марозава з Ганнай Данілінай не змаглі выйсці ў фінал парнага разраду турніру ў Ліёне

Завяршыўся першы паўфінальны паядынак у парным разрадзе турніру ВТА ў французскім Ліёне. Беларуска Лідзія Марозава ў пары з казашкай Ганнай Данілінай не змогуць пазмагацца за тытул. Яны прайгралі дуэту, які мае першы пасеў – прадстаўніцы Нідэрландаў Аранчы Рус і славачкі Вікторыі Кужмавай – 3:6, 3:6.

Дзяніс Палякоў забіў гол у пераможным матчы „Кайрата” за трэцяе месца

Адбыўся матч за трэцяе месца ў рамках Суперкубка Казахстана па футболе. У ім „Кайрат”, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, з цяжкасцю перамог „Шахцёр” з Караганды – 2:1. Першы гол за алмацінцаў забіў беларус Дзяніс Палякоў.

Беларусь трапіла ў трэці кошык лёсавання жаночага Еўрабаскета

Зборная Беларусі трапіла ў трэці кошык пры лёсаванні груп фінальнага этапу жаночага чэмпіянату Еўропы па баскетболе. Разам з беларускамі ў гэтым кошыку будуць каманды Чэхіі, Чарнагорыі і Турцыі. Лёсаванне групавога этапа пройдзе 8 сакавіка ў іспанскай Валенсіі. На першым этапе 16 каманд будуць падзеленыя на 4 квартэта, пераможцы якіх атрымаюць прамыя пуцёўкі ў чвэрцьфінал. Каманды, якія зоймуць 2-3-і месцы, правядуць кваліфікацыйныя паядынкі за выхад у 1/4 фіналу.

Заўзятары НФК „Крумкачы”: мы супраць беззаконня, але хлопцы паказалі, што яны на баку народа і праўды  

Заўзятары НФК „Крумкачы” ў „інстаграм” звярнуліся з заявай, у якой тлумачаць, чаму працягнуць падтрымліваць каманду на стадыёнах.

«Мы, заўзятары, народнай каманды «Крумкачы» супраць гвалту і беззаконня, якое чыніцца ў Беларусі. У сваю чаргу мы да канца адданыя сваёй камандзе. У самы адказны момант у гісторыі краіны нашы хлопцы паказалі, што яны на баку народа, на баку праўды. «Крумкачы» ўжо моцна пацярпелі за сваю цвёрдую пазіцыю. А таму мы не можам кінуць нашых хлопцаў у гэты складаны для ўсёй каманды час. Мы будзем падтрымліваць іх на стадыёне”, – гаворыцца ў паведамленні.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя