Алена Фурман выйграла золата ЧЕ па акадэмічным веславанні ў Італіі



Беларуска Алена Фурман выйграла золата чэмпіянату Еўропы па акадэмічным веславанні ў італьянскім Варэзе. Дыстанцыю 2000 м беларуская спартоўка, якая выступала ў неалімпійскім класе жаночых адзіночак лёгкай вагі, пераадолела за 7 хвілін 41,81 секунды. Другое месца заняла румынка Джаніна-Елена Белеага, якая саступіла мінчанцы амаль 4 секунды. У фіналах А акрамя Алены Фурман выступала Таццяна Клімовіч, якая прадстаўляла Беларусь у гонках жаночых адзіночак. У вырашальным заездзе яна заняла чацвёртае месца.

Эдуард Зязюлін заняў 4-е месца на ЧЕ па цяжкай атлетыцы

Беларус Эдуард Зязюлін, які выступае ў вагавай катэгорыі звыш 109 кг заняў чацвёртае месца на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы ў Маскве. У суме двубор’я беларус узяў вагу 424 кг (рывок 197 кг + штуршок 227 кг). Выйграў спаборніцтвы грузін Лаша Талахадзе, які ўсталяваў абсалютны сусветны рэкорд у двубор’і – 485 кг (222 кг + 263 кг). У дадзенай вагавай катэгорыі выступаў яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі, Андрэй Арамнаў. Ён падняў у суме 375 кг (170 кг + 205 кг). Гэты вынік не дазволіў яму падняцца вышэй за 14-е месца ў выніковым пратаколе.

Баскетбалісткі „Гарызонта” выйгралі другі матч фінала чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісткі „Гарызонта” у другі раз абыгралі „Цмокi-Мiнск” у фінальнай серыі жаночага чэмпіянату Беларусі. У другім паядынку за чэмпіёнскі тытул пераможцы рэгулярнага сезона выйгралі з перавагай у чатыры ачкі – 67:63. Напярэдадні баскетбалісткі „Гарызонта” перамаглі 71:66. Да выйгрышу залатых медалёў камандзе Наталлі Трафімавай засталося здабыць адну вікторыю.

У другім матчы „бронзавай” серыі баскетбалісткі гарадзенскай „Алімпіі” зноў разграмілі на сваёй пляцоўцы сталічны клуб „БДУ-Цмокi” – 104:50. У першым матчы „Алімпія” выйграла 85:47.

„Шахцёр” умацаваў лідэрства ў чэмпіянаце Беларусі па футболе

Футбалісты салігорскага „Шахцёра” працягнулі пераможную серыю ў матчах чэмпіянату Беларусі. Сваю чацвёртую вікторыю запар дзеючыя чэмпіёны краіны святкавалі ў Салігорску, упэўнена абыграўшы пачаткоўца вышэйшай лігі „Смаргонь” з лікам 3:0. На 8-й хвіліне Ягор Філіпенка забіў першы мяч, а ў другім тайме Нікола Анціч і Ігар Іванавіч давялі справу да разгрому. Усе галоўныя канкурэнты „Шахцёра” ў чацвёртым туры страцілі ачкі. Берасцейскае і менскае „Дынама” разышліся мірам 1:1, а барысаўскі БАТЭ згуляў унічыю з „Менскам” – 2:2.

Футбалісты „Гомеля” перайгралі на сваім полі гасцей з гарадзенскага „Нёмана” 2:0. Галявы дубль аформіў Андрэй Салавей, які стаў лідарам бамбардзірскай гонкі, забіўшы 5 мячоў. З такім жа вынікам „Віцебск” абыграў у Мазыры мясцовую „Славію”. Тут два галы забіў Руслан Цевераў. У астатніх сустрэчах „Слуцк” абыграў жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” – 2:0, „Іслач” саступіла берасцейскаму „Руху” – 0:1, а „Энергетык-БДУ” з такім жа лікам прайграў рэчыцкаму „Спутніку” – 0:1.

„Краснадар” прайграў першы матч пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі

Футбалісты „Краснадара” прайгралі ў першым матчы пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі. Пасля двух паразаў запар з агульным лікам 2:8 краснадарская дружына зноў не змагла парадаваць сваіх заўзятараў, саступіўшы ў Туле мясцоваму „Арсеналу” з лікам 0:1. Беларускі абаронца „Краснадара” Аляксандр Мартыновіч правёў увесь матч, а беларускія паўабаронцы тулякоў Валерый Грамыка і Юрый Кавалёў на поле не выходзілі.

„Атлетыка” страціў ачкі ў матчы з „Бецісам”

Мадрыдскі „Атлетыка” згуляў унічыю з севільскім „Бецісам” ў матчы 30-га тура чэмпіянату Іспаніі — 1:1. Адрыў „Атлетыка” ад пераследнікаў скараціўся да мінімуму: каманда Дыега Сімеоне лідыруе ў табліцы з 67 ачкамі, у „Рэала” пасля „класіка” – 66, у „Барселоны” — 65 ачкоў.

„Манчэстар Юнайтэд” на выездзе перамог „Тотэнхэм” ў матчы 31-га тура чэмпіянату Англіі 3:1. На гол Сон Хын Міна ў першым тайме «чырвоныя д’яблы» адказалі ў другой палове матча дакладнымі ўдарамі Фрэда, Кавані і Грынвуда.

Беларускае Радыё Рацыя