Алімпійская форма з нацыянальным акцэнтам
Аляксандру Лукашэнку прэзентавалі сёння ў Нацыянальным алімпійскім камітэце парадную і спартыўную форму для беларускай спартыўнай дэлегацыі на XXXI летніх Алімпійскіх гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія), паведамляе БелТА.
Пры выбары параднай экіпіроўкі былі разгледжаны прапановы беларускіх дызайнераў Івана Айплатава і Юліі Латушкінай. Іван Айплатаў распрацаваў калекцыю сумесна з прадпрыемствамі канцэрна „Беллегпрам”. Аддзелка касцюмаў і элементы традыцыйнай вышыўкі падкрэсліваюць нацыянальную прыналежнасць.
Першая калекцыя Юліі Латушкінай называецца „Беларусь сінявокая. Васількі”. Сіні колер сімвалізуе нацыянальныя багацці краіны – рэкі і азёры. На форме выкарыстаны арнамент, у аснове якога – стылізаваны васілёк. Па выніках апытання спартсменаў і трэнераў перавага была аддадзена другой калекцыі Юліі Латушкінай „Беларусь спартыўная. Сіла перамог”. Пры стварэнні адзення, якое выканана ў чырвоным, шэрым і белым колерах, таксама выкарыстаны нацыянальныя матывы, арнамент з васілька.
Калекцыя спартыўнай экіпіроўкі створана кампаніяй „Аўдзімас” і адшыта з выкарыстаннем беларускіх магутнасцей на прадпрыемстве ў Лідзе. У калекцыі прысутнічаюць графічныя матывы нацыянальнага арнаменту, які пераплецены з вясёлымі і энергічнымі рытмамі Рыа.
Выкарыстаныя пры стварэнні адзення сучасныя матэрыялы і тэхналогіі ў поўнай меры ўлічваюць пажаданні і водзывы спартсменаў, а таксама кліматычныя асаблівасці Бразіліі. Эрганамічны абутак для спартсменаў вырашана было падабраць з новай калекцыі Асікс.
Па даручэнні Лукашэнкі ўсе тры калекцыі знаходзяцца ў свабодным продажы ў беларускіх магазінах.
Фота president.gov.by, БелТА, Яўгена Грабкіна
